Алег Трусаў: Пад парламентам стаялі тысячы



24 гады таму, 25 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет надаў Канстытуцыйны статус дэкларацыі аб суверэніце Беларусі. Пазней, тое паседжанне парламента назавуць Сесіяй незалежнасці.

Як абвяшчалася незалежнасць нашай краіны, як удалося праціснуць гэтую пастанову ў Парламенце, дзе абсалютную большасць складалі камуністы, узгадвае дэпутат, намеснік старшыні фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12 склікання Алег Трусаў.

43934C30-D3E9-46CE-8819-2C5819CBB1AD_mw800

Алег Трусаў на мітынгу супраць путчу, жнівень 1991.

Алег Трусаў: 25-га яно ішло даволі хутка, таму што быў агульнанацыянальны пад’ём. Пад парламентам стаялі тысячы людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі, путч быў поўнасцю падаўлены, таму невыпадкова дзвюма трацінамі гэта ўсё было прынята. Што мне помніцца, дык гэта тое, як мы за незалежнасць з касманаўтам Кавалёнкам распілі бутэльку каньяку.

РР: У Вярхоўным Савеце адчувалася еднасць? Алег Трусаў: Так. РР: Дэмакратычная апазіцыя ў Парламенце была нешматколькаснаю, пераважалі камуністы, ажно 86% дэпутатаў. Тым ні менш, дзьве траціны Вярхоўнага Савета прагаласавалі за незалежнасць. Што іх да гэтага змусіла?

Алег Трусаў: Па-першае, тыя камуністы былі адносна вольныя. Яны ўпершыню адчулі, што яны нечага вартыя, па-другое, іх усё ж такі выбіралі, як і мяне. Многіх не выбралі, а тых каго выбралі, яны сябе намнога лепш адчувалі. Дапусцім, Малафееў, ён пабаяўся ісці ў Вярхоўны Савет, а там нейкі Лукашэнка не пабаяўся, ён адчуваў сябе лепей за Малафеева, бо яго, як бы, беларускі народ выбраў, а таго – не. То бок, гэта былі адносна вольныя людзі. Яны ўпершыню вырваліся – Масквы няма, ніхто імі не кіруе, што хочуць, тое і робяць. Рэдка бывае такая сітуацыя. Ну і галоўнае, яны былі адукаванымі людзьмі, там мала было рабочых і сялян, амаль не было. Там былі людзі з дзвюма-трыма вышэйшымі адукацыямі.

РР: У той жа ж час тыя самыя рабочыя, вось Вы кажаце, тысячы людзей стаялі на Плошчы і ціснулі на Вярхоўны Савет, каб прымалі пастанову. То бок беларускі народ поўнасцю, і эліта, і рабочы клас падтрымалі незалежнасць.

Алег Трусаў: Так, і я скажу, што ў нас і зараз еднасць  у народзе намнога лепшая, чым ва Украіне. Не дай Бог калі нешта здарыцца, то ў нас можа быць сітуацыя з абаронай Беларусі не горшая, чым ва Украіне. Многія журналісты кажуць, што вось, тут здадуцца. Частка здасца, частка і не. Таму што беларускі народ за час сваёй гісторыі праяўляў такія моманты, пра якія ніхто і не мог падумаць. Я як гісторык магу масу такіх прыкладаў прывесці. Ціхія, ціхія, а потым – раз, і твораць такое, як і было 25 чысла.

РР: Вы ўзгадалі тое, як пілі каньяк з касманаўтам Кавалёнкам, таксама народным дэпутатам. Дэпутат апазіцыі  БНФ Пятро Садоўскі ўзгадваў, як пасля Сесіі Незалежнасці піў гарэлку з прэм’ерам Кебічам…

Алег Трусаў: Нічога дзіўнага. Мы не толькі ў той дзень супрацоўнічалі. Дарэчы, частка камуністаў была супраць прэзідэнцтва. Яны супрацоўнічалі з намі да канца. А вось некаторыя гэтак званыя дэмакраты рускамоўныя ўсё зрабілі каб увесці пасаду прэзідэнта і тое, што зараз. Так што, камуністы таксама розныя былі.

РР: Зянон Пазняк кажа, што ёсць і 27 ліпеня, і 25 жніўня, і 25 сакавіка, і не трэба гэта ўніфікоўваць і рабіць адзін Дзень Незалежнасці. На Вашу думку, ці павінна быць нейкае галоўнае Свята?

Алег Трусаў: Мая думка – 25 сакавіка павінна быць дзяржаўным святам, гэта пачатак. Іншая справа, што і 27 ліпеня, і 25 жніўня павінны быць у календары, і іх таксама трэба адзначаць, але не так, як 25 сакавіка. 25 сакавіка павінна быць галоўным Дзяржаўным Святам нашай краіны. 25 жніўня, былі і іншыя дні, яны павінны быць чырвонымі ў календары, але гэта не значыць, што ў гэты дзень усе п’юць гарэлку і не працуюць.   

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя