Алег Трусаў: Палітычныя рухі – гэта паразіты…



Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў распавядае, чаму, на яго думку, немагчыма сёння аб’яднанне ствараемага руху Някляева і Кангрэса за незалежнасць.

trusau

Кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Уладзімір Някляеў прапанаваў Кангрэсу за незалежнасць Беларусі аб’яднацца са ствараемым грамадскім рухам „За незалежнасць і дзяржаўнасць Беларусі”.

З такой прапановай палітык выступіў на другой сесіі кангрэса, якая прайшла 7 чэрвеня ў Міеску, паведамляе БелаПАН.

Някляеў адзначыў, што ў беларускага дэмакратычнага руху заўсёды была адзіная мэта – стварэнне „дэмакратычнай незалежнай дзяржавы Беларусь”, і гэтая мэта з’яўляецца „асновай для адзінства”.

Алег Трусаў: Не думаю, што сёння магчыма такое аб’яднанне, бо ў Кангрэса і ініцыятывы Някляева зусім розныя ідэі. Калі мы стваралі Кангрэс, то не ставілі на мэце стварэнне нейкай новай арганізацыі, якіх і так ужо хапае. Як кажуць: стаіць чалавек, а вакол яго два індзейцы. Наша ж мэта была і ёсць – аб’яднаць розных беспартыйных і партыйных людзей на дыскусійнай пляцоўцы. Кангрэс не ствараўся, як партыя ці рух. Ён з’явіўся як месца, дзе можна абмеркаваць пытанні незалежнасці. Наша сіла ў тым, што мы не льем ваду на млын ніякіх партый. Наш Кангрэс у свой час частка апазіцыі не падтрымала, частка падтрымала… І, калі Уладзімір Някляеў з Алесем Мехам хочуць нешта ствараць, няхай ствараюць – мы не супраць. Але ж мы не можам дэлегатаў Кангрэсу аўтаматам запісаць у нейкую новую структуру. Па-першае, многія з іх ужо ў складзе пэўных арганізацый. Па-другое, сама ідэя Някляева накіравана на знішчэнне Кангрэсу. Як у свой час Аляксандр Мілінкевіч прыйшоў і раскалоў Партыю БНФ.

РР: Але ж канчаткова пытанне аб’яднання ініцыятывы Някляева і Кангрэсу яшчэ не вырашана?

Алег Трусаў: Не, безумоўна, я выказваю толькі сваю асабістую пазіцыю, а ў Радзе – 17 чалавек. Мяркую, што на бліжэйшым пасяджэнні Рада можа вярнуцца да гэтага пытання.

РР: Някляеў заяўляе, што мэта ў вас адна – стварэнне „дэмакратычнай незалежнай дзяржавы Беларусь”.

Алег Трусаў: Тут мноства пытанняў… І наогул, я лічу, што ўсе гэтыя рухі – паразіты на целе Беларусі. Вось, напрыклад, стварылі рух “За свабоду” і пры гэтым ад нашай партыі адкалолі да сябе самую моцную Берасцейскую арганізацыю. Гэдак жа раскалолі і Партыю БНФ. Няхай бы гэтыя рухі ствараліся, але пры гэтым яны б сабе набіралі новых людзей. Але ж новыя туды асабліва не ідуць, і тады пачынаецца перацягванне людзей з адной структуры ў іншую. Аслабляюцца старыя арганізацыі.

РР: Ці бачыце вы плён у працы гэтых рухаў?

Алег Трусаў: Плён можа быць толькі тады, калі гэтыя рухі не будуць працаваць на канкрэтнага лідара. Калі б новая ініцыятыва стваралася больш шырока, а лідарам быў не Някляеў ці Трусаў, а нейкі чалавек, які зусім не быў у партыях, тады б гэта мела значэнне. Але ўчора Някляеў кіраваў “Гавары праўду”, сёння ён кажа пра стварэнне руху „За незалежнасць і дзяржаўнасць Беларусі”, а заўтра яшчэ нешта прыдумае. І што ў выніку? А ў выніку будзе яшчэ горш. Таму я лічу, што нельга аб’яднаць тое, што не аб’ядноўваецца. Кангрэс – гэта не рух і не партыя, а людзі, якія гатовы многім паступіцца за незалежнасць краіны.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота svaboda.org