Алег Трусаў: Расея будзе забіраць у Беларусі значныя кавалкі суверэнітэту



Сябра рады Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў разважае пра тое, як Крэмль маніпулюе сітуацыяй у Беларусі.

Алег Трусаў: Пагроза з боку Масквы нікуды не знікала. Яны запланавалі падпарадкаваць сабе Беларусь і ідуць да гэтага.

Калі Лукашэнка не падпісаў напрыканцы мінулага года 31-ю дарожную мапу, якая б азначала страту незалежнасці краінай, то Крэмль вырашыў дзейнічаць іншым чынам – праз сваіх прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду. Я ўсё-такі мяркую, што Валерый Цапкала, Віктар Бабарыка і Сяргей Ціханоўскі маюць дачыненні да стратэгічных планаў Расеі. Трэба было напалохаць кіраўніка Беларусі да такой ступені, каб ён сам прыбег у Маскву і прасіў бы дапамогі.

РР: Але сёння гэтыя, як вы кажаце, “пракрамлёўскія” кандыдаты ў прэзідэнты Сяргей Ціханоўскі і Віктар Бабарыка сядзяць у турме, і Масква, відаць, не вельмі клапоціцца пра іх вызваленне…

Алег Трусаў: Справа ў тым, што Крэмль хацеў проста напалохаць Лукашэнку, але тут у справу ўмяшаўся беларускі народ. Людзі зладзілі сапраўдную рэвалюцыю, якую ніхто не прагназаваў. Электаральную рэвалюцыю не планаваў ні Крэмль, ні Лукашэнка, ні сам беларускі народ.

Чаму гэтая рэвалюцыя не мае лідараў? Таму што яе ніхто ўнутры не рыхтаваў, гэта ўсё рыхтавалася ў Маскве. І яны самі напалохаліся, калі пабачылі вынік сваёй працы. Але планы забраць Беларусь у іх не змяніліся. І паколькі Захад Лукашэнку не прызнаў, то гэта будзе хутчэй анэксія, чым добраахвотнае далучэнне.

Але краіну не будуць цалкам забіраць, хаця тут, хутчэй за ўсё, пастаянна будуць расейскія вайскоўцы, іх ваенныя базы. Можа быць, агульную валюту зробяць. Упэўнены, што Расея паступова будзе забіраць у Беларусі значныя кавалкі суверэнітэта.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя