Алег Трусаў: Святлане Алексіевіч можна было б даць і званне Героя Беларусі
“Калі беларуска атрымала Нобелеўскую прэмію, то гэта цікава ўсім беларусам”, – кажа старшыня Таварыства беларускай мовы (ТБМ) Алег Трусаў.
Арганізаваць трансляцыю цырымоніі ўручэння Святлане Алексіевіч Нобелеўскай прэміі па літаратуры папрасіў Белтэлерадыёкампанію старшыня „Таварыства беларускай мовы” Алег Трусаў.
У лісце на імя кіраўніка НДТРК Генадзя Давыдзькі Трусаў просіць прадаставіць для гэтага прамы эфір першага канала тэлебачання і радыё, „улічваючы значнасць для нашай краіны гэтай падзеі і шматлікія просьбы грамадзян Беларусі”.
Цырымонія ўручэння прэміі пройдзе ў Швецыі 10 снежня, паведамляе БелаПАН.
Алег Трусаў: Калі краіна хоча, каб пра яе ведалі, калі жадае, дарэчы, атрымаць замежны крэдыт (а яна вельмі жадае), то ёй не пашкодзяць такія тэлеперадачы. Мы накіравалі зварот, але, ці пачуюць нас, нават і не магу спрагназаваць. Тут сітуацыя 50 на 50. Але ж, калі не грукацца ў дзверы, то іх могуць і не адкрыць.
РР: Напэўна, дзяржава, якая займела свайго Нобеля, і сама павінна была дайсці да гэтага…
Алег Трусаў: На жаль, не тая ў нас дзяржава, якая сама да ўсяго даходзіць. Да слова, так не толькі ў нас, але і ва ўсім свеце. Пакуль грамадская супольнасць не пачынае актыўную працу, могуць пра адметных людзей і не ўспомніць. Іншая справа, што ў Беларусі грамадская супольнасць слабаватая, але ж трэба некаму казаць пра відавочныя рэчы. І дзяржава хоча альбо не хоча, але мусіць прыслухоўвацца да многіх фактаў.
РР: Чаму многія палітызавалі прысуджнне прэміі Святлане Алексіевіч?
Алег Трусаў: Гэта пытанне да тых, хто палітызаваў. Але асабіста я лічу, што, калі беларуска атрымала Нобелеўскую прэмію, то гэта цікава ўсім беларусам. Людзі з задавальненнем паглядзяць цырымонію ўзнагароджання і паслухаюць, што Святлана будзе казаць. Пры чым тут палітыка?
РР: Як краіна магла б аддзячыць Святлану Алексіевіч?
Алег Трусаў: Шмат варыянтаў ёсць. Але, на мой погляд, самым лепшым было б (тым больш, улада са мной як быццам пагадзілася), каб творы Алексіевіч былі ўведзены ў школьную праграму і выдадзены на беларускай мове. Хоць, напэўна, маглі б даць і Героя Беларусі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя