Алег Трусаў: Ёсць пагроза страты незалежнасці



Грамадскі дзеяч і дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання Алег Трусаў распавёў, чаму дзень выбараў – гэта толькі этап у змаганні беларусаў за абарону незалежнасці.

Група дэпутатаў Вярхоўнага Савета 12-га склікання прыняла заяву, у якой выказала занепакоенасць будучыняй краіны.

“Мы лічым, што ўсім іншым кандыдатам, якія ўсведамляюць адказнасць за будучыню Беларусі, варта зняць свае кандыдатуры, – заклікалі аўтары заявы. – У адпаведнасці з Канстытуцыяй і заканадаўствам краіны, патрабуем прызначэння новых выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, з поўнай празрыстасцю ўсяго працэсу”.

Алег Трусаў: Мы выступілі з такой заявай, бо, на наш погляд, зараз незалежнасць краіны знаходзіцца пад вялікай пагрозай. З’явіліся самыя розныя палітычныя сілы, якія, хутчэй за ўсё, кіруюцца з-за мяжы. Усё гэта вельмі насцярожвае, тым больш, што пра пагрозу страты незалежнасці Беларуссю кажуць і ва Украіне, і ў Расеі. Мы таксама маўчаць не маглі.

РР: Можаце больш канкрэтна пра тое, адкуль ідзе гэтая пагроза?

Алег Трусаў: Калі пачытаць украінскія альбо расейскія сайты, то там гаворыцца, што Крэмль запланаваў анексію Беларусі на 2020 год. Першыя спробы “паглыбленай інтэграцыі” напачатку года праваліліся, і 31-ю карту беларускі бок не падпісаў.

І зараз, відаць, Масква выпусціла на выбары сваіх кандыдатаў. Іх мэта – напалохаць гаранта так, каб ён падпісаў гэтую 31-ю карту. Дарэчы, і сам Лукашэнка непразрыста кажа пра тое, адкуль вецер дзьме.

Таму, лічым, няма ніякай гарантыі, што падчас выбараў у Беларусі не з’явяцца па просьбе прадстаўнікоў „рускага свету” для навядзення парадку “зялёныя чалавечкі”, як гэта было ў Крыме. І гэтыя сцэнары ўжо агучаваюцца.

Каб не было такога сцэнару, усім кандыдатам мы прапануем зняць свае кандыдатуры. А выбіраць ката ў мяху вельмі небяспечна.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Рацыя