Алег Волчак: Ілюзій у мяне няма…



Кіраўнік цэнтра “Прававая дапамога насельніцтву” Алег Волчак не цешыць сябе надзеямі, што справа аб знікненні Захаранкі і Ганчара будзе аб’ектыўна расследавана.

Следчы камітэт аднавіў папярэдняе расследаванне па справе аб знікненні экс-міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі.

Алег Волчак: У мяне ёсць інфармацыя толькі пра тое, што аднавілі папярэдняе расследаванне па справе Захаранкі, хаця не выключаю, што тое самае зроблена і па справах Віктара Ганчара, а таксама Анатоля Красоўскага.

РР: Справу Захаранкі прыпынілі ў мінулым годзе?

Алег Волчак: Так, справа была прыпынена ў снежні 2018 года ў сувязі з тым, што як быццам не змаглі ўстанавіць асобаў, якія скралі Юрыя Захаранку ў траўні 1999 года.

Справу прыпынілі, органам унутраных спраў пры гэтым даецца даручэнне праводзіць аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы па ўстанаўленні вінаватых.

А зараз у межах папярэдняга следства павінна быць праверана версія былога спецназаўца Юрыя Гараўскага, які днямі распавёў, што меў дачыненне да забойства Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. Павінны апытаць тых, на каго ўказаў Гараўскі, і вынесці альбо пастанову аб прыцягненні да адказнасці, альбо вынесці іншае працэсуальнае рашэнне.

РР: Ці ёсць надзея, што справа скранецца з мёртвай кропкі?

Алег Волчак: На гэты конт ілюзій у мяне няма. Калі б была палітычная воля ўладаў, справа даўно была б раскрытая. Таму, хутчэй за ўсё, фармальна выканаюць нейкія працэсуальныя дзеянні, але не больш за тое.

Улады ўбачылі, што пасля заявы Гараўскага пачаўся вялікі грамадскі рэзананас не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі, а таму яшчэ 18 снежня прынялі рашэнне аднавіць папярэдняе расследаванне. Праўда, даведаліся пра гэта мы толькі зараз. Ні прэс-рэліза, ні афіцыйнай заявы з гэтай нагоды ніхто так і не дачакаўся. Відаць, не лічаць гэтую справу вельмі важнай. Ім і так ужо ўсё зразумела.

Кастусь Заблоцкуі, Беларускае Радыё Рацыя