Алег Волчак: Кіеву трэба звяртацца ў Гаагскі трыбунал
Праваабаронца Алег Волчак лічыць, што ў сітуацыі, калі расейскія вайскоўцы ўвайшлі на тэрыторыю Украіны, украінскім уладам трэба рыхтаваць і падаваць дакументы ў Гаагскі суд.
Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка абвясціў аб тым, што адбыўся ўвод расейскіх войсках ва Украіну.
Алег Волчак: Афіцыйны Кіеў зараз павінен рыхтаваць юрыдычныя дакументы для перадачы іх у Гаагскі трыбунал. Ідзе незаконная акупацыя адной дзяржавай другой. Ва Украіне ідуць баявыя дзеянні, звязаныя з тэрарызмам. Краіну хочуць раскалоць. Таму ўкраінскае кіраўніцтва павінна афіцыйна заявіць – ідзе вайна з Расеяй. Акрамя таго, як мне падаецца, Савету бяспекі Еўропы неабходна тэрмінова склікаць нараду, бо няма гарантыі, што расейцы спыняцца на Луганскай і Данецкай абласцях. Тым больш, многія расейскія палітыкі ўжо неаднойчы заяўлялі: наша мэта – Кіеў. Далейшыя падзеі могуць быць куды больш крывавымі. Таму ў Еўропы павінна быць больш жорсткая пазіцыі па Расеі. На карце – лёс украінскага народа. Калі Еўропа будзе марудзіць з рашэннямі, гэта можа вельмі дорага каштаваць. Без дапамогі міжнароднай супольнасці Україна не вытрымае.
РР: Але Расея адмаўляе прысутнасць сваіх ваенных ва Украіне, а Пуцін у Менску заявіў, што спыненне агню ва Украіне – унутраная справа самой Украіны.
Алег Волчак: Ёсць жа шматлікія доказы, што расейцы ваююць ва Украіне. Аб гэтым распавядалі расейскія дэсантнікі, якія патрапілі ў палон, мы бачым сучасную расейскую ваенную тэхніку… Усё гэта нагадвае дрэнны анекдот, калі Пуцін робіць невінаватыя вочкі і кажа: “Мы тут ні пры чым”. Гэта настолькі цынічна, брудна і непрыгожа! Нават у Расеі Камітэт салдацкіх маці раскрывае сваім суайчыннікам вочы і адкрытым тэкстам кажа: “Людзі, гінуць жа вашы дзеці! Каму патрэбная гэтая вайна?” І пасля ўсяго гэтага Крэмль сцвярджае, што яны тут ні пры чым? Яшчэ раз скажу – поўны цынізм! Таму я і кажу, што зараз украінскай уладзе неабходна прымяняць не толькі ваенную сілу, але і юрыдычныя механізмы, каб захаваць цэласнасць Украіны.
РР: А што дасць зварот у Гаагу?
Алег Волчак: Могуць абмеркаваць сітуацыю і прыйсці да больш жорсткіх эканамічных санкцый да Расеі, бо парушаецца міжнароднае заканадаўства. Думаю, у ААН і структураў Савета бяспекі Еўропы ёсць шмат механізмаў, каб спыніць расейскую ваенную агрэсію.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя