Алег Волчак: Прынята рашэнне ізаляваць Ціханоўскага
Кіраўнік цэнтра “Прававая дапамога насельніцтву” Алег Волчак выказаўся пра апошнія затрыманні падчас збору подпісаў і крымінальную справу.
Нагадаем, што 29 траўня ў Гародні на пікеце па зборы подпісаў быў затрыманы блогер Сяргей Ціханоўскі, які з’яўляецца кіраўніком ініцыятыўнай групы сваёй жонкі, і яго паплечнікі.
Усе яны затрыманы ў межах крымінальнай справы за гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі (арт. 364 КК РБ). Пасля заканчэння трох сутак на волю ніхто з затрыманых не выйшаў, бо тэрмін утрымання пад вартай падоўжаны да 10 сутак з моманту затрымання.
Да 8 чэрвеня затрыманым мусяць прад’яўвіць абвінавачванні альбо вызваліць.
Алег Волчак: Варта адзначыць, што крымінальная справа ўбуджана не ў дачыненні да Сяргея Ціханоўскага, а па факце гвалту да міліцыянтаў, таму па справе могуць праходзіць, умоўна кажучы, і сто, і дзвесце чалавек. Могуць утрымліваць за кратамі, заяўляючы, што праводзіцца праверка.
Але, мяркуючы па відэазапісы з месца інцыдэнта, я наогул не бачыў нейкіх супрацьпраўных дзеянняў з боку блогера. Таму не выключаю, што пад ціскам грамадскасці Ціханоўскага у хуткім часе выпусцяць на волю.
РР: Але многія кажуць інакш: не для таго ладзілі правакацыю, каб так хутка выпусціць…
Алег Волчак: Калі меркаваць лагічна, то ўладам зараз невыгодна раскручваць рэпрэсіі і ладзіць гучныя справы з новымі палітычымі зняволенымі. Паўтаруся, на відэа вельмі складана ўстанавіць, хто быў ініцыятарам патасоўкі ў натоўпе, але відавочна, што ўсё пачалося з зараней распрацаванай правакацыі.
Безумоўна, вырашана ізаляваць Ціханоўскага. Іншая справа – на які тэрмін.
РР: А для чаго наогул была ўзбуджана гэтая крымінальная справа?
Алег Волчак: Мая версія такая: пасля выступлення беларускага кіраўніка, які негатыўна выказаўся пра тое, як Сяргей Ціханоўскі збірае подпісы, сілавікі вырашылі арганізаваць правакацыю такім чынам, каб падвесці справу пад адміністрацыйнае пакаранне.
Але, думаю, сцэнар быў паламаны, сілавікі гэта называюць “эксцэсам выканаўцаў”. Жанчыне, якая пачала правакаваць Ціханоўскага, паставілі неабходную задачу, але сітуацыя выйшла з-пад кантролю.
Мяркую, першапачаткова крымінальную справу ўзбуджаць не хацелі, але, як бачым, яна набыла гучны рэзананас яшчэ на старце выбарчай кампаніі. Гэта не вельмі разумна з боку ўладаў, але вырашылі застрашыць грамадства.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя