Алег Волчак: Рэпрэсіўная машына ізноў запрацавала



Кіраўнік цэнтра “Прававая дапамога насельніцтву” Алег Волчак  распавёў, чаму зараз прэсуюць блогера Сяргея Ціханоўскага.

18 траўня суд Савецкага раёна Гомеля асудзіў блогера Сяргея Ціханоўскага яшчэ на 15 сутак арышту. Пры тым, што ў гэты час блогер адбывае яшчэ адзін 15-сутачны адміністрацыйны арышт.

Затрымалі Ціханоўскага 5 траўня пад Магілевам, а выйдзе на волю ён толькі 5 чэрвеня.

Алег Волчак: Сяргей Ціханоўскі заявіў напярэдадні, што пойдзе ў прэзідэнты, ездзіў па гарадах, даваў выказвацца людзям, і тыя казалі ўсё, што думаюць пра гэтую ўладу. Тым часам, ён збіраў актывістаў у сваю ініцыятыўную групу, і ўлады ўбачылі для сябе пэўную небяспеку.

За тыдзень было шмат затрымана за “супрацоўніцтва” з Ціханоўскім, людзі атрымалі альбо штрафы, альбо “суткі”. Гэта яшчэ раз паказвае, што ўлады адсочваюць любыя грамадзянскія кампаніі і ініцыятывы. Калі ты аказваеш уплыў на людзей, то ўяўляеш інтарэс для спецслужбаў. Таму зараз і ідзе такі ціск на Ціханоўскага і яго прыхільнікаў.

РР: За два тыдні ў Беларусі 55 чалавек атрымалі агулам больш за 500 сутак арышту, больш за 30 актывістаў атрымалі штрафы, агульная сума якіх склала каля 13 тысяч даляраў…

Алег Волчак: Рэпрэсіўная машына ізноў запрацавала напоўніцу. І ў гэтай сітуацыі мяне, як праваабаронцу хвалююць не толькі арышты і затрыманні, але і тое, як паводзяць сябе сілавікі. Яны проста плююць на закон.

Людзей затрымліваюць, а іх блізкім суткі не паведамляюць, дзе знаходзіцца чалавек. Гэта адназначнае перавышэнне службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі міліцыі. Ды і калі чалавек на камеру проста выказвае сваё меркаванне, то чаму гэта кваліфікуецца, як масавае мерапрыемства? Глупства поўнае! Таму ўсе арышты адназначна палітызаваныя.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя