Алег Волчак: Злачынцаў ніхто не збіраецца шукаць



Кіраўнік цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак распавёў, чаму «справу Ганчара і Захаранкі» следчыя аднавілі ўсяго на тры месяцы.

Следчы камітэт паведаміў, што 18 сакавіка прыпынена следства па «справе Захаранкі» «ў сувязі з невысвятленнем асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага».

Расследаванне, нагадаем, было адноўлена 18 снежня мінулага года пасля рэзанансу ад заявы экс-байца спецыяльнага атрада хуткага рэагавання Юрыя Гараўскага аб удзеле ў выкраданні і забойстве экс-міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі, экс-кіраўніка Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара і бізнесмена Анатоля Красоўскага.

Алег Волчак: Тры месяцы таму, пасля сенсацыйнага прызнання Гараўскага, справу аднавілі, але на гэтым усё і закончылася. Справу прыпынілі, але ж засталося шмат пытанняў. Што яны за гэты час расследавалі, ні прадстаўнікам сям’і Захаранкі, ні яго блізкім абсалютна нічога не паведамілі. Невядома таксама, правяралі версіі Гараўскага альбо не? Ці праверылі ўсіх, пра каго казаў Гараўскі, на прыналежнасць іх да забойства Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага?

Мы таксама не маем інфармацыі з Еўразвязу, што беларускі бок звяртаўся праз Інтэрпол альбо пракуратуру дапытаць Гараўскага ў межах крымінальнай справы, якая была адноўлена альбо экстрадзіраваць яго ў Беларусь. Паколькі справа Захаранкі ізноў прыпынена, можна меркаваць, што следчыя дзеянні па гэтай справе за тры месяцы наогул не праводзіліся. Калі б нешта было, то, думаю, правялі б адмысловую прэс-канферэнцыю. І, улічваючы, што справа пасля заяў Гараўскага мела шырокі грамадскі рэзананс, адказалі б на пытанні прадстаўнікоў СМІ. Але, відаць, няма чаго сказаць, і справу наогул закінулі ў той жа куфэрак, адкуль дасталі.

РР: Што далей будзе са справай?

Алег Волчак: Калі яна прыпынена, то будзе адбывацца фармальны вышук злачынцаў. І гэтая справа ніколі не закрыецца, пакуль не будуць знойдзены вінаватыя. У нашым выпадку, хутчэй за ўсё, справа Ганчара і Захаранкі будзе расследавацца да бясконцасці. І яе не закрыюць, і злачынцаў ніхто не збіраецца шукаць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя