Алег Волчак знайшоў падтрымку ў Камітэце па правах чалавека ААН
Камітэт па правах чалавека ААН прыняў станоўчае рашэнне па скарзе праваабаронцы Алега Волчака. Камітэт прыйшоў да высновы, што ў 2006 годзе, канфіскаваўшы кнігі, якія змяшчаюць матэрыялы незалежнага расследавання аб гвалтоўным выкраданні экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, і аштрафаваўшы Волчака на суму, эквівалентную амаль 775 далярам ЗША, дзяржава парушыла яго права на свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю, а таксама права на выказванне меркаванняў.
– Пасля знікнення Юрыя Захаранкі Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў стварыла грамадскую камісію па расследванню гэтага знікнення. Мяне прызначылі старшынём камісіі, якая дасёння існуе. Па выніках расследвання мы вырашылі выдаць кнігу, у якую ўключылі журналісцкае расследванне, нейкія матэрыялы мы атрымлівалі па сваіх аператыўных каналах, і надрукавалі гэтую кнігу “Дзяржаўная хроніка подласці”. Пры перасячэнні мяжы, калі я вёз некалькі асобнікаў, іх канфіскавалі і пазней сказалі, што кнігі знішчаны, бо могуць прынесці шкоду дзяржаве.
„7 траўня 1999 году па шляху дадому быў гвалтоўна выкрадзены адзін з лідараў апазіцыі, экс-міністр унутраных спраў Юрый Захаранка,” – нагадвае Алег Волчак. Па версіі незалежнага расследвання, да выкрадання Захаранкі былі датычныя прадстаўнікі беларускіх сілавых ведамстваў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя