Алег Воўчак: Беларусі непатрэбна столькі сілавікоў



Аляксандр Лукашэнка даручыў ствараць у Беларусі кампактныя, мабільныя, высокаэфектыўныя праваахоўныя органы ды іншыя сілавыя структуры. Ці азначае гэта іх фактычнае скарачэнне? І чаму такое даручэнне не было дадзена да прэзідэнцкіх выбараў? Адказвае праваабаронца Алег Воўчак:

– Каб не ствараць сярод наменклатуры праваахоўных органаў напружанне. А тое, што гэтае пытанне зараз наспела, яму данеслі падчас прэзідэнцкай кампаніі:  атрыманыя тысячы скаргаў на бяздзейнасць следчых, пракурораў і судовай сістэмы. Канешне, Лукашэнку трэба неяк рэагаваць і нешта рабіць дзеля выбаршчыка. Сёння для ўлады ёсць праблема не толькі ў эканоміцы, але і ў абароне правоў грамадзянаў. Не ведаю, што могуць новага прыдумаць, але са свайго боку накіраваў прапановы тэрмінова рэфармаваць пракуратуру, прапанаваў стварыць выдатную школу следчых, пры гэтым грунтаваўся на сваім вопыце. Магчыма, нейкія мае думкі будуць узятыя на ўзбраенне. 

РР: Якія галіны сілавых структур можна было б скараціць? На іх утрыманне выдаткоўваецца шмат грошай, але ваенные не ствараюць ніякага прадукта, а мэтнасць фінансавання такога войска, якое мае наша краіна, выклікае супярэчлівыя меркаванні ў экспертаў.

Нам трэба ісці па шляху не толькі Еўразвязу і ЗША, але і Грузіі, Украіны. Нам трэба вызначыцца, ці патрэбна нам столькі “пагоннікаў”. Я лічу, што сярод афіцэраў павінны заставацца са сваімі званнямі і пасадамі аператыўныя вышуковыя службы, астатнія павінны быць вольнанаёмнымі без ўсялякіх “зорак” і без лішніх рэгаліяў. Таксама “пагоны”, магчыма, павінны застацца ў следчых са Следчага Камітэта. Усё астатняе трэба скарачаць, аддаваць частку функцыяў Міністэрства ўнутраных спраў грамадзянскім структурам, памяншаць штаб унутраных войскаў: няма патрэбы ў такой колькасці АПАМа ды іншых спецыяльных служб.

РР: Ці існуе насамрэч у Беларусь перанасычанасць сілавых структур? Раней неаднаразова статыстыка гаварыла, што Беларусь з’яўляецца адной з самых паліцэйскіх краінаў у свеце. Зараз гэта актуальна?

– Канешне актуальна. Акрамя таго, разглядаецца магчымасць павелічэння пенсійнага ўзросту супрацоўнікаў МУС, якія сыходзяць на пенсію ў 45 гадоў. Дарэчы, такой практыкі няма ва ўсім свеце. У ЗША паліцэйскія выходзяць на пенсію, як і ўсе астатнія грамадзяне, але ў іх добры заробак ды ёсць свае бонусы. У нас жа шмат непатрэбных службаў, якія дублююць адна другую. Мы прапаноўвалі з юрыстамі разам з Еўразвязам ў рамках “Дыялогу пра мадэрнізацыю Беларусі”, па якому шляху пайсці і як скараціць штат сілавікоў.

РР: Вопыт Украіны, дзе цяпер няма паліцыі, тут можна прымяняць?

Пакуль гэтая рэформа ва Украіне працягваецца, і гаварыць пакуль рана. Але я нядаўна быў у Кіеве, і там сапраўды адчуваецца больш даверлівыя адносіны міліцыі і грамадзянаў. У Беларусі трэба прымяняць вопыт Украіны ў тым, што там зараз будуць абіраць пракурораў на конкурснай аснове, трэба выкладваць такія конкурсы ў інтэрнэт. Такім чынам, людзі могуць уплываць, бачаць, каго абіраюць. І тады будзе нармальна, нават пры тых заробках, якія ёсць. Калі даць праваахоўнікам дзейнічаць самастойна ад уладаў – яны будуць працаваць.

РР: Для ўлады Лукашэнкі моцнае войска і міліцыя заўсёды былі галоўнай апорай. Ён не пасаромеўся пусціць іх у ход падчас Плошчы-2010 супраць пратэстоўцаў. Пасля такіх заяваў і магчымага скарачэння штатаў ён можа страціць гэтую апору? 

– Лукашэнка ўпэўнены, што ніякіх “каляровых рэвалюцый” у нас не адбудзецца. У гэтым ён упэўніўся падчас мінулай прэзідэнцкай кампаніі, калі амаль ніхто не пратэставаў. Таму, мяркуецца, што далей ўтрымліваць такія структуры цяжка для бюджэту, да таго ж назапашваюцца запазычанасці. У яго і без таго ёсць рэсурсы – дэсант, спецназ, якія будуць ахоўваць. Але нават тыя войскі, якія зараз ёсць, у выпадку нават аднаго стрэла ў чалавека, нічым дзейнай уладзе не дапамогуць.

Гутарыў Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя