Алега Сянцова намінавалі на прэмію Сахарава
Украінскага палітвязня Алега Сянцова намінавалі на атрыманне прэміі імя Андрэя Сахарава, якую ўручае Еўрапейскі парламент.
Пра гэта 12 верасня ў Twitter паведаміў брусельскі карэспандэнт „Радыё Свабода” Рыкард Ёзвяк. „Сама вялікая палітычная група ў Еўрапарламенце вылучыла Сянцова на прэмію Сахарава 2018 года”, – напісаў Ёзвяк.
6 верасня журналіст паведамляў, што Сянцова падтрымліваюць Еўрапейская народная партыя, Партыя еўрапейскіх сацыялістаў і Альянс еўрапейскіх кансерватараў і рэфармістаў у Еўрапарламенце.
З 1968 года прэмія Сахарава, заснаваная Еўрапарламентам, штогадова даецца асобам ці групе асоб, якія прысвяцілі сваё жыццё свабодзе слова і абароне правоў чалавека. Памер прэміі – 50 тысяч еўра.
Сярод іншых лаўрэатаў прэміі Беларуская Асацыяцыя Журналістаў, арганізацыя „Рэпарцёры без межаў”. Летась лаўрэатам прэміі Сахарава стала дэмакратычная апазіцыя Венесуэлы.
Рэжысёр Алег Сянцоў быў прыгавораны ў Расейскай Федэрацыі ажно да 20 гадоў пазбаўлення волі 25 жніўня 2015 года. Расейскі суд прызнаў яго вінаватым у стварэнні ў Крыме тэрарыстычнай групоўкі і кіраўніцтве ёй, спробе набыць выбуховыя прыстасаванні і незаконным захаванні агнястрэльнай зброі і боезапасаў, дзвюх тэрарыстычных атаках і падрыхтоўцы яшчэ аднаго тэракта.
14 траўня 2018 года рэжысёр абвесціў бестэрміновую галадоўку ў калоніі горада Лабытнангі. Ён патрабуе вызваліць 64 украінскіх палітзняволеных, але сябе ў гэты спіс не ўключыў. Алег Сянцоў катэгарычна адмовіўся прасіць Пуціна пра памілаванне.
Усе звароты грамадскасці і высокапастаўленых палітыкаў да Уладзіміра Пуціна з патрабаваннямі ці просьбамі пра вызваленне Алега Сянцова Крамлём ігнаруюцца. Стан рэжысёра зараз крытычны.
Беларускае Радыё Рацыя