Завяршаецца візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Грузію (абноўлена)
Ён знаходзіцца ў гэтай краіне трэці дзень. Беларускі кіраўнік прыбыў у Тбілісі 22 красавіка. За два дні ён правёў перамовы з прэзідэнтам Грузіі Георгіем Маргвелашвілі, прэм’ер-міністрам гэтай краіны, а таксама сустрэўся з патрыярхам усяе Грузіі, мітрапалітам Іліёй Другім. Асноўнай тэмай перамоваў стала падтрымка суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Грузіі.
У прыватнасці, Лукашэнка заявіў, што па-ранейшаму не стане прызнаваць Абхазію і Паўднёвую Асецію:
– Няма супярэчнасцяў паміж беларускім народам, грузінскім і расейцамі. Ёсць непаразуменні на палітычным узроўні. І яны пераадольныя. Але трэба ставіць перад сабой канкрэтныя задачы і рабіць канкрэтныя крокі. Пра гэта мы гаварылі. Я пакуль не маю паўнамоцтваў ад прэзідэнта, каб раскрываць нашыя дамоўленасці, але ў бліжэйшы час вы пра іх пачуеце. Нашая пазіцыя па тых праблемах, што вы паднялі, застаецца нязменнай. Іначай я б не прыехаў.
Плануецца, што сёння Аляксандр Лукашэнка накіруецца ў Аўтаномную Рэспубліку Аджарыя.
* * *
Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца з афіцыйным візітам у Грузіі. На перамовах у Тбілісі з прэзідэнтам Грузіі Георгіем Маргвелашвілі кіраўнік Беларусі адзначыў, што паміж дзвюма краінамі няма ніякіх супярэчнасцяў у палітычным плане. Пры гэтым ён назваў самаабвешчаную Абхазію часткай Грузіі. Паводле палітычнага аглядальніка Валера Карбалевіча, Лукашэнка проста сказаў тое, што хацелі пачуць грузінскія палітыкі.
Галоўная праблема вонкавай і ўнутранай палітыкі Грузіі – гэта праблема тэрытарыяльнай цэласнасці. І таму гэтая заява вельмі спадабаецца грузінскім палітыкам і грузінскаму грамадству. А Лукашэнка любіць казаць аўдыторыі, якая яго слухае, тое, што ёй падабаецца. Іншая справа, што гэта можа не спадабацца Расеі, але, я думаю, што Лукашэнка патлумачыць, што ён меў на ўвазе зусім іншае, калі яму зададуць такое пытанне.
Афіцыйна Беларусь, насуперак ціску Расеі, так і не прызнала суверэнітэту Абхазіі і Паўднёвай Асетыі пасля ваеннага канфлікту паміж Расеяй і Грузіяй у жніўні 2008 году.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Беларусь і Грузія знойдуць такія варыянты супрацоўніцтва, каб у партнёраў у Еўразійскай эканамічнай супольнасці (ЕАЭС) і Еўразвязе не было прэтэнзій, заявіў Аляксандр Лукашэнка 23 красавіка ў Тбілісі па выніках перамоў з прэзідэнтам Грузіі Георгіем Маргвелашвілі.
„Мы маем пэўныя абавязацельствы ў межах Еўразійскага эканамічнага саюза, Грузія мае пэўныя абавязацельствы, падпісаўшы пагадненне аб асацыяцыі з Еўрапейскім звязам, але яны ніколькі не супярэчаць нашым узаемаадносінам”, — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА.
Калі гэтым буйным саюзам спатрэбіцца больш працяглы час, каб прыйсці да пагаднення, то паміж дзвюма краінамі, якія ўваходзяць у гэтыя саюзы, гэта зрабіць вельмі проста, дадаў Лукашэнка.
Ён нагадаў, што напярэдадні падчас бізнес-форуму бакі дамовіліся аб перспектывах узаемнага гандлю ў 200 мільёнаў долараў.
Беларускі кіраўнік упэўнены, што Менску і Тбілісі неабходна максімальна выгадна выкарыстаць удзел Беларусі ў ЕАЭС і рэалізацыю Грузіяй пагаднення аб асацыяцыі ЕЗ.
Беларускае Радыё Рацыя