Алена Анісім: Парламент будзем беларусізаваць
Кажуць, што са сваёй 70-ай Стаўпецкай выбарчай акругі, дзе нарадзілася, у сённяшнюю Палату прадстаўнікоў Алена Анісім скокнула як той чарцюк з табакеркі. Нібы, больш памяркоўная і менш палітызаваная для ўладаў, чым яе апазіцыйная суперніца Таццяна Караткевіч з руху «Гавары праўду». Тым не менш, ніхто не сумняваецца, што яна набрала рэальныя, а не прыпісаныя галасы выбаршчыкаў на Стаўпеччыне і Нясвіжшчыне, дзе нарадзіўся Якуб Колас, дзе яе малая Радзіма. Дзе тутэйшыя дагэтуль гавораць па-беларуску.
Як жыць далей і з кім ёй «паркавацца» ў тым жа парламенце? І гэта толькі адно з мноства пытанняў да нашай сённяшняй госці — 54-гадовай намесніцы старшыні Таварыства беларускай мовы, філолага па адукацыі, цяпер дэпутата, спадарыні Алены Анісім. На апошніх выбарах яна спрабавала вылучыцца кандыдатам у прэзідэнты РБ.
РР: Спадарыня Алена, хоць ваш “шэф”, старшыня ТБМ Алег Трусаў і сказаў мне, што Ваш прыход у парламент рыхтавалі 3 гады, здаецца, усё адбылося знянацку, як снег на галаву. Узяць хоць тое, што паведамілі пра абранне пасля гадзіны ночы — так доўга «пытанне» ўтрасалася. Усё ж адчуваецеся падрыхтаванай да будучых баталій і тытанічнай працы?
Алена Анісім: Так, насамрэч да апошняй хвіліны не верылася, што прызнаюць дэпутатам ПП. Зараз свой статус я разумею так — мушу выканаць задачы, якія мы сумесна выпрацавалі з ТБМ і абяцанні, дадзеныя выбаршчыкам маёй акругі. А ў самым парламенце мушу шукаць аднадумцаў. Бо веру ў тое, што зараз не важна як той ці іншы дэпутат патрапіў у парламент — па прызначэнні ці яшчэ як — кожны з іх мусіць разумець, што адказны за тое, якім шляхам будзе развівацца краіна. Хочуць яны ці не хочуць, але “ніжэй” гэтага гаварыць не збіраюся.
РР: А не баіцеся застацца «белай варонай»? Тая ж Ганна Канапацкая прыйшла з вельмі дакладнай «партыйнай» задачай прасоўваць правацэнтрысцкую праграму «мільён працоўных месцаў»…
Алена Анісім: Якраз у мяне задача шырэйшая і не звязаная выключна з карпаратыўнай адказнасцю. Безумоўна, у палітычных і сацыяльна-эканамічных пытаннях мы будзем выступаць з Ганнай «адзіным фронтам». Але я перакананая, што ў кардынальным для мяне пытанні прасоўвання беларушчыны я знайду падтрымку ў многіх. І дапамогу, як пачаткоўцу-парламентару. Ёсць ужо дэлегаваны ад Магілёўшчыны Ігар Марзалюк, які дагэтуль быў сенатарам і з’яўляецца сябрам ТБМ. Бачыце – нас ужо трох!
РР: Між іншым, напярэдадні нашай сустрэчы дэпутат з Наваполацка, вядомы кідальнік молата Вадзім Дзевятоўскі падтрымаў грамадзянскую ініцыятыву «Справаводства па-беларуску», каб гарантаваць выкарыстанне беларускай мовы пры маркіроўцы тавараў. Дык мо будзеце спрабаваць стварыць дэмакратычную беларускамоўную фракцыю ў парламенце?
Алена Анісім: Перш за ўсё я хачу, каб кожны чалавек для сябе прыняў свядомае рашэнне – можна і варта гаварыць і па-руску, і па-беларуску. І яшчэ. Будучым калегам варта бачыць перад сабой станоўчы прыклад тых, хто гаворыць па-нашаму, каб было да чаго «падцягвацца». А ствараць фракцыю па прынцыпе «мне так хочацца» — дарэмная справа. Трэба ўзаемна прыгледзецца.
РР: Сёлета напачатку года была заява ТБМ «Беларускую мову – у беларускі парламент!». Дазволю цытату: «Насуперак Канстытуцыі, якая абвяшчае роўнасць двух дзяржаўных моў, дзейнае заканадаўства і асабліва Закон аб мовах ёй пярэчаць і істотна абмяжоўваюць правы беларускамоўных грамадзян краіны, асабліва ў стасунках з дзяржаўнымі структурамі, якія перадусім працуюць на рускай мове. Змяніць сітуацыю павінен беларускі парламент, які можа ўнесці неабходныя папраўкі ў існае заканадаўства».
Алена Анісім: Першае, чаго ўвесь час дамагаліся – змяненняў у Закон аб мовах. Прапаную зняцця праславутых «ці або», бо яны і дазваляюць не карыстацца мовай. На іх часцей і спасылаюцца пры адказах чыноўнікі. Зусім тэхнічна не цяжка афармляць ўсе парламенцкія дакументы як мінімум на дзвух мовах. Па-другое, грунтоўна рыхтуемся да прыняцця Закона аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы. Не сакрэт, што яна сёння ўнесеная ў спіс тых, што знікаюць з мапы свету. І гэта трывожны знак для краіны ў цэнтры Еўропы, дзе з 10 млн, паводле перапісу, шэсць вызнаюць роднай мовай беларускую. Таму не мець у сваёй краіне магчымасці паўнакроўна карыстацца сваёй мовай — ганьба! Гэта трэба тэрмінова мяняць.
РР: Зміцер Дашкевіч з «Маладым фронтам» праводзіць кампанію па зборы подпісаў з мэтай надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці бел-чырвона-беламу сцягу. У наступным годзе яго гістарычнае 100-годдзе. Будзеце падключацца як дэпутат ?
Алена Анісім: Грамадзянскі абавязак свой выканала — таксама паставіла подпіс. Калі ў Змітра з Міністэрствам культуры зладзіць не атрымаецца — безумоўна.
РР: Другая пастаўленая Вамі сумесна з ТБМ задача — стварэнне першага цалкам беларускамоўнага ўніверсітэта, дзе калегі бачаць вас і першым рэктарам…
Алена Анісім: Надзею на выкананне дае, прынамсі, той факт, што краіна, урэшце, далучылася да Балонскага працэсу і такім чынам узяла на сабе пэўныя абавязкі. Я брала ўдзел у міжнароднай канферэнцыі, што ініцыяваў нацыянальны Балонскі камітэт — з удзелам нашых намеснікаў міністра адукацыі, а таксама іх калег з Грузіі, Арменіі, Азербайджана, Украіны. Дзе агучыла працу нашага аргкамітэта па стварэнні ўстановы новага тыпу з нацыянальнай мовай навучання. У якой фармаваліся б кадры нацыянальнай палітычнай, інтэлектуальнай і патрыятычнай эліты. Перакананая, што без гэтага краіны не ўтрымаем. Пры тым, што можам улічыць вопыт і памылкі іншых краін. Ужыць напрацоўкі калег з Грузіі, дзе неўзабаве адкрыецца падобная ўстанова ў Кутаісі, ды досвед Украіны. Галоўнае каб наш універсітэт стаў прэстыжным, быў забяспечаны кваліфікаванымі кадрамі, а студэнты ішлі не проста дзеля атрымання дыплому.
РР: Але Вашы калегі з мінулага складу «палаткі» прынялі ўсяго тры законы за 4 гады. Не баіцеся сутыкнуцца з цвердалобай сцяной галоваў, што й не глядзяць па баках?
Алена Анісім: Небяспека такая заўсёды ёсць. Але, у тым ліку, у парламент прыйшло пакаленне 35-40-гадовых, якія памятаюць мітынгі пад тым жа бел-чырвона-белым сцягам і Пагоняй. Спадзяюся сярод іх знайсці тых, хто заклапочаны лёсам краіны і дзяцей, а не толькі ўласным дабрабытам.
РР: Вам прыйдзецца адказваць і на вострыя палітычныя выклікі часу. Неўзабаве пачнецца працэс над палітычным вязнем Эдуардам Пальчысам. А ёсць жа Андрэй Бандарэнка ў невыносных умовах, Дзмітрый Паліенка, іншыя.
Алена Анісім: Канешне, я буду імкнуцца ўзняць свой голас! Бо найважнейшыя каштоўнасці – свабода слова і веры акурат і пераступаюцца існуючай дзяржавай у часе гэтых судовых працэсаў. Кожны чалавек мае права выказвацца так, як лічыць патрэбным. Не парушаючы закона, натуральна.
РР: І ўсё-ткі думаеце ў будучыні паспрабаваць зноў вылучыцца кандыдатам у прэзідэнты?
Алена Анісім: Для гэтага ты павінна разумець, што папярэдне зрабіла нешта такое, што дазваляе табе прэтэндаваць на большае. Толькі так. Цяпер задача — заканадаўча запачаткаваць нашы напрацаваныя ідэі. Дабіцца іх шырокай падтрымкі ў грамадстве. Тады рухацца далей.
РР: У вас ёсць жыццёвы дэвіз?
Алена Анісім: Дарогу пераадолее той, хто па ёй ідзе і не збочвае.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіва Алены Анісім