Алена Анісім: Беларусізацыя ў грамадстве не спаўзае ўніз



Скончылася праца Палаты прадстаўнікоў чарговага склікання. 

Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алена Анісім падвяла пэўныя вынікі сваёй дэпутацкай дзейнасці. У прыватнасці, яна адказала на пытанне, ці бываюць у парламенце гарачыя абмеркаванні:

– Дэпутаты канешне могуць спрачацца, асабліва калі там сапраўды сутыкаюцца нейкія інтарэсы якой-небудзь канкрэтнай групы. Як гэта, напрыклад, бывала падчас абмеркавання Закона аб правах спажыўцоў, альбо Закона аб аўтарскім праве і сумежных з імі правах. То тады бывалі і павышаныя таны. Адразу хачу сказаць, што ніякіх абраз, ніякага негатыўнага ўзаемадзеяння ў беларускім парламенце сапраўды не было. 

Вялікую долю свайго працоўнага часу ў Палаце прадстаўнікоў Алена Анісім прысвяціла пашырэнню беларускай мовы ў дзяржаўным заканадаўстве. Ці змяняецца сітуацыя?

– Мы бачым, што беларусізацыя ў грамадстве не спаўзае ўніз. Пад ціскам бацькоў, актыўных сяброў нашай арганізацыі яна пачынае вяртацца ў заканадаўства. Працуе экспертны савет, які зацвярджае тэксты законапраектаў на беларускай мове. Пасля яны займаюць сваё месца на партале pravo.by.

Алена Анісім падкрэсліла, што не сутыкнулася ў парламенце ні з адным дэпутатам, які быў бы адкрытым беларусафобам. Аднак у шэрага чыноўнікаў і дэпутатаў дагэтуль адсутнічае ўсведамленне відавочнага факту, што больш шырокае выкарыстанне беларускай мовы прыводзіць да ўмацавання нацыянальнай годнасці і незалежнасці Беларусі.

Цалкам матэрыял:

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск