Алена Анісім: Беларускамоўнаму грамадзяніну фактычна няма за каго галасаваць
Дэманстратыўнае ігнараванне некаторымі прэтэндэнтамі на прэзідэнцкую пасаду беларускай дзяржаўнай мовы і нават няведанне яе падчас збору подпісаў выглядае, як абраза ўсім грамадзянам, якія разумеюць значэнне яе як найважнейшай каштоўнасці для існавання незалежнай краіны і нацыі.
На гэтай падставе Таварыства беларускай мовы зрабіла заяву. Кажа Алена Анісім – старшыня нацыянальнай Рады ТБМ імя Скарыны.
– Толькі на заключным этапе пачалі з’яўляцца пасля шматлікіх заўваг матэрыялы. Мы нікога не называлі ў сваёй заяве, і нікога не хацелі абразіць. Мы проста засведчылі, што беларускамоўнаму грамадзяніну фактычна няма за каго галасаваць сярод тых прэтэндэнтаў.
Таксама Алена Анісім выказала думку ўсёй арганізацыі, што на другім этапе выбарчай кампаніі, калі з’явяцца кандыдаты і пачнуць агітацыю, ТБМ мае намер падрыхтаваць на іх адрас звароты, якія адлюструюць па іх рэакцыі стаўленне да нацыянальных каштоўнасцяў і нацыянальнай тоеснасці. Гэтыя каштоўнасці адпавядаюць статутным мэтам і задачам найстарэйшай арганізацыі, якая выступае за рэальны статус беларускай мовы, як першай дзяржаўнай, а ў перспектыве – адзінай дзяржаўнай у краіне.
– І вось там мы ўжо канкрэтна да гэтых кандыдатаў будзем звяртацца з канкрэтнымі прапановамі, дасылаць кожнаму, што мы прапануем уключыць у перадвыбарную праграму, каб мы разумелі, што мы можам падтрымліваць такога чалавека, бо яго інтарэсы ў нечым супадаюць з нашымі.
Поўны тэкст заявы:
Заява ТБМ з нагоды правядзення кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусі
Шаноўныя грамадзяне Беларусі!
Поўным ходам ідзе выбарчая кампанія. Таварыства беларускай мовы выступае за справядлівыя выбары, на якіх грамадзяне Беларусі змогуць аддаць галасы за кандыдата, якога яны палічаць найбольш годным для пасады кіраўніка краіны, і асуджае любыя спробы парушэння правілаў сумленнай канкурэнцыі паміж кандыдатамі, у тым ліку выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу і рэпрэсій. У прыватнасці, нас абурае факт чарговага зняволення актыўнага сябра ТБМ Паўла Севярынца, сапраўднага патрыёта, які заўсёды паслядоўна і прынцыпова выступае ў абарону незалежнасці Беларусі.
Наша грамадства патрабуе зменаў. Сёлетняя выбарчая кампанія вызначаецца з’яўленнем новых яскравых постацей, якія вылучылі свае кандыдатуры, каб пазмагацца за самую высокую пасаду.
Разам з тым звяртае на сябе ўвагу той прыкры факт, што шэраг асобаў, з якімі вялікая колькасць грамадзян краіны звязвае надзеі на доўгачаканыя перамены ў сацыяльна-эканамічным і палітычным жыцці, не валодаюць дзяржаўнай беларускай мовай і не выкарыстоўваюць яе падчас збору подпісаў за сваё вылучэнне. У сувязі з гэтым узнікае пытанне: ці здольныя гэтыя людзі належным чынам выконваць абавязкі першай асобы ў краіне, калі яны не адпавядаюць кваліфікацыйнаму патрабаванню, абавязковаму для службовай асобы любога ўзроўню? Дэманстратыўнае ігнараванне некаторымі кандыдатамі беларускай мовы падчас кампаніі збору подпісаў выглядае як абраза ўсім грамадзянам, якія разумеюць значэнне гэтай каштоўнасці для існавання Беларусі як суверэннай незалежнай дзяржавы. Прэзідэнт, які не валодае роднай мовай свайго народа, дыскрэдытуе сябе, а разам і краіну, якую ён прадстаўляе.
Таварыства Беларускай мовы заяўляе аб тым, што не будзе падтрымліваць тых, хто парушае Канстытуцыю і ігнаруе моўныя правы грамадзян, і раіць усім выбаршчыкам задумацца, ці варта галасаваць за такіх прэтэндэнтаў, якія не паважаюць свой народ, яго мову, гісторыю, культуру і сімвалы.
Прынята на паседжанні сакратарыята 16 чэрвеня 2020г. Менск
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: БелаПАН