Алена Анісім: Без працы не застануся



Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім распавяла, чаму яна не патрапіла ў парламент другі раз запар, і чым збіраецца займацца бліжэйшым часам.

Нагадаем, што дзеючы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім вылучала сваю кандыдатуру шляхам збору подпісаў і падчас сёлетніх парламенцкіх выбараў, але яе нават не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты.

Алена Анісім: Для мяне было нечаканасцю, што не зарэгіструюць кандыдатам у дэпутаты, хаця і ведала, што ніякім чынам улады не стануць спрыяць таму, каб я ізноў атрымала дэпутацкі мандат. Але ж меркавала, што ўдасца хаця б правесці агітацыйную кампанію.

Я ўжо тады зразумела, што ў парламенце не надта мяне хочуць бачыць, калі неяк запыталіся ў парламенце: “Чым, Алена Мікалаеўна, плануеце заняцца пасля заканчэння дэпутацкага тэрміна?”

Калі ж скарацілі дэпутацкі тэрмін на дзесяць месяцаў, то, натуральна, вырашыла, што трэба даводзіць да лагічнага завяршэння пытанні беларусізацыі законаў, працэдуру іх падачы… Таму і пачала збіраць подпісы. Калі б іх не сабарала, то ўсё абарвалася б на гэтым этапе. Але ў мяне памочнікі добра папрацавалі, подпісы былі сабраны, але, як бачым, задача была – максімальна абрэзаць усіх прэтэндэнтаў у маёй акрузе. У выніку з васьмі зараз засталіся толькі тры.

РР: Чым насамрэч плануеце заняцца ў будучым?

Алена Анісім: Я – старшыня Таварыства беларускай мовы, гэтым і буду займацца. Але калі “падвернецца” нейкая праца майго прафесійнага плана, то буду працаваць яшчэ і на сталай аснове. Жыццё пакажа, але без працы не застануся.

Тым больш, трэба працягваць працу па адкрыцці Нацыянальнага ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча, хаця, мяркуючы па апошніх падзеях з Менскім інавацыйным універсітэтам, бачна, што Мінадукацыі не вельмі прыязна ставіцца да прыватных вышэйшых навучальных устаноў.

Відавочна, што наспела пытанне рэфармавання самой структуры Міністэрства адукацыі, бо я лічу, што, напрыклад, абласныя упраўленні гэтага ведамства наогул не патрэбныя. Яны абсалютна лішнія.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя