Алена Анісім: Далікатнасць жанчыны дзейнічае лепш, чым бізун
Старшыня Таварыства беларускай мовы і экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім пракаментавала асобныя “перлы” беларускага кіраўніка пра жанчын, якія імкнуцца ў прэзідэнты.
“У нас Канстытуцыя не пад жанчыну, – заявіў Лукашэнка. – І ў нас грамадства не саспела для таго, каб галасаваць за жанчыну… У нас прэзідэнтам будзе мужык, я ў гэтым абсалютна перакананы”.
Алена Анісім: У тым, што ў нас дастаткова кансерватыўнае грамадства, відаць, сказваюцца традыцыі. Але, тым не менш, як паказвае практыка, нашы жанчыны могуць займаць высокія месцы нават у гэтай дастаткова патрыярхальнай сістэме палітычных каардынат. У Беларусі жанчына ўзначальвала адміністрацыю кіраўніка краіны, у нас ёсць жанчыны-міністры.
Таму выказванне Лукашэнкі адносна таго, што жанчыне не месца ў прэзідэнцкім крэсле, я адношу больш да той практыкі, якая ў нас склалася.
Гэта хутчэй фіксуе іншы момант: калі краіна дэмакратычная, і ў ёй усе інстытуты працуюць, як адладжаны механізм, то там, напэўна, менш мае значэнне, хто займае вышэйшую пасаду. Усё размеркавана, і ўсё працуе само па сабе.
РР: У Беларусі само па сабе не працуе?
Алена Анісім: У Беларусі любому прэзідэнту давядзецца вырашаць вялікія праблемы, якіх у нас воз і маленькі вазок – і эканамічных, і палітычных, і таго ж унутранага разняволення.
Калі казаць гіпатэтычна, то мужчыне змагацца з гэтымі праблемамі можа і лягчэй, бо яны маюць больш валявы характар. Жанчынам у сваю чаргу ўласцівы дэмакратызм, далікатнасць, інтылігентнасць і высакароднасць. Жанчыны менш схільныя, каб грукаць кулаком па стале. Але жанчыны, якія абіраюць шлях палітычнай кар’еры, таксама могуць аказацца на гэта здольныя.
Я лічу, што Аляксандр Лукашэнка сам знаходзіцца ў палоне застарэлых стэрэатыпаў, хаця прызнае, што праблем у краіне назбіралася шмат. І, натуральна, ён памыляецца, калі кажа, што жанчына не здольная працаваць на прэзідэнцкай пасадзе.
Яшчэ невядома, каму было б прасцей там працаваць, бо часам даліткатнасць жанчыны дзейнічае лепш, чым бізун, крык і гвалт.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота БелаПАН