Алена Анісім: Мару, каб гэтае свята адзначалася і на дзяржаўным роўні
Старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім распавяла, што для яе значыць дата – 25 сакавіка.
25 сакавіка беларусы адзначаюць Дзень Волі — 102-ю гадавіну абвяшчэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.
Алена Анісім: Для мяне Дзень Волі – гэта ў першую чаргу вялікае нацыянальнае свята, і вельмі хацелася б, каб яно стала святам дзяржаўным. Каб у гэты дзень кожны беларус, у якой бы краіне ён не знаходзіўся, адчуваў сваю еднасць і злучнасць з усім нашым беларускім народам.
Каб адчуваў гонар за тое, што ён належыць да беларускага народа, да сваёй слаўнай гісторыі. І, натуральна, мару пра тое, што ўжо ў большым маштабе паўторыцца па ўсёй Беларусі святкаванне дня ўтварэння БНР, як гэта было два гады таму ў Менску ля Опернага тэатра.
А яшчэ мару пра той час, калі і герб Пагоня, і бел-чырвона-белы сцяг вернуцца на свой дзяржаўны п’едэстал і будуць фігураваць не толькі ў якасці нацыянальных, але і дзяржаўных сімвалаў, а ў краіне штодня і паўсюль будзе гучаць родная беларуская мова з вуснаў самых высокіх дзяржаўных чыноўнікаў. Гэта будзе сведчыць пра тое, што ідэалы БНР увасобіліся ў жыццё.
РР: Як Вы звычайна адзначаеце гэты дзень?
Алена Анісім: У гэты дзень ёсць проста нагода парадавацца, у душы – заўсёды прыўзняты настрой. А яшчэ падрыхтавала падарункі для ўнучкі – Энцыклапедыю Беларусі і кніжку “Маленькі прынц” у перакладзе Ніны Мацяш.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота БелаПАН