Алена Анісім не будзе ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі



Экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім не будзе ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі і праймерыз апазіцыі.

„Паколькі на сённяшні дзень зразумела, што ўлада нічога не збіраецца прынцыпова мяняць у сваіх падыходах да выбарчай кампаніі, я для сябе вырашыла адназначна, што браць удзел у гэтым не буду”, — заявіла БелаПАН Анісім.

Экс-дэпутат крытычна выказалася аб працэдуры выбараў адзінага кандыдата, абвешчанай часткай апазіцыйных партый, назваўшы гэта памылкай.

„Калі за цэлы год у гэтай кампаніі нічога не зрабілі, то гэта сведчыць, мякка кажучы, аб несур’ёзнасці падыходу. Акрамя таго, можа здарыцца так, што іх праймерыз, іх вылучэнне можа проста спазніцца па часе. Гэта не цікава, сэнсу і перспектывы ў гэтым я не бачу”, — сказала Анісім.

Яна нагадала, што займаецца падрыхтоўкай да адкрыцця Універсітэта імя Ніла Гілевіча, а таксама арганізацыяй Усебеларускага кангрэса за незалежнасць.

„Мэта кангрэса — пошук шляхоў для захавання незалежнасці і ўмацавання дзяржаўнасці Беларусі, што трэба рабіць грамадзянскай супольнасці, каб перасталі спекуляваць незалежнасцю і суверэнітэтам. А што будзе адбывацца ў палітычнай плоскасці — гэта пытанне другога плана. Можа, мы зробім пасланне ад кангрэса да ўдзельнікаў кампаніі, але асноўная мэта — распрацоўка дзеянняў грамадства для абароны незалежнасці”, — заявіла Анісім.

У снежні мінулага года яна паведаміла ў эфіры тэлеканала АНТ, што яе каманда ўжо пачала падрыхтоўку да палітычнай кампаніі, якая мае адбыцца: „У нас праца цяпер вядзецца. Асноўная задача — знайсці неабходныя фінансавыя рэсурсы. Усё астатняе ўжо ёсць. Ідзе праца і па структурах, і па рэгіёнах. Пытанне чыста тэхнічнае”. Пазней Анісім заявіла, што не будзе ўдзельнічаць у выбарах, калі ў іх возьме ўдзел Аляксандр Лукашэнка.

БелаПАН