Алена Анісім плануе вылучацца кандыдатам у прэзідэнты



Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня грамадскага аб`яднання „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” Алена Анісім плануе вылучацца кандыдатам у прэзідэнты на чарговых выбарах, якія павінны адбыцца не пазней за 30 жніўня 2020 года.

„Я вымушаная прыняць выклік, які робяць аўтары розных публікацый (з крытыкай незалежнасці Беларусі і беларускай мовы. — БелаПАН.), а таму лічу неабходным узяць удзел у прэзідэнцкіх выбарах. Я, як палітычны дзеяч, вымушаная абараняць свой дом, сваю краіну, сваю дзяржаву”, — патлумачыла БелаПАН такое рашэнне Алена Анісім.

У 2015 годзе яна таксама заяўляла пра намер вылучацца кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах. „Так атрымалася, што на палітычным полі нацыянальна-патрыятычныя сілы зараз практычна не прысутнічаюць. Гэта змушае ісці наперад. Вядома, можна было б з кімсьці аб`яднацца, дэлегаваўшы свае галасы, але пакуль так дзейнічаць няма з кім”, — тлумачыла Анісім сваю пазіцыю ў красавіку 2015 года. Аднак праз некалькі месяцаў яна адмовілася ад удзелу ў выбарах. „Калі ісці на выбары да канца, каб прадэманстраваць сваю волю, — гэта адно. Але я разумею, што перамагчы ў сённяшніх умовах нельга. Мы можам шкадаваць пра страчаныя амбіцыі, але павінны рэальна глядзець праўдзе ў вочы”, — казала Анісім.

На пытанне, ці не паўторыцца сітуацыя з адмовай ад удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах на гэты раз, дэпутат адказала: „Можа здарыцца форс-мажор, ад гэтага не застрахаваны ніхто. Акрамя таго, я не змагу несумленна ўдзельнічаць у выбарах: калі я рэальна не збяру 100 тысяч подпісаў за вылучэнне, то не буду мець права ўдзельнічаць у выбарах”.

belapan.by