Алена Анісім: Расея паводзіць сябе як правапераемніца Расейскай імперыі
Прапановы расейскага прэм’ера Дзмітрыя Мядзведзева аб паглыбленні інтэграцыі Беларусі і Расеі, у прыватнасці, аб стварэнні адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытнай прасторы, выклікалі ў беларускай дэмакратычнай грамадскасці вялікую занепакоенасць.
Па меркаванні дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім, сучасная Расея паводзіць сябе як правапераемніца Расейскай імперыі. „Нікуды не дзелася імперскае мысленне. Мала таго, як паказваюць апошнія падзеі, яно набірае абароты,” – лічыць Алена Анісім.
– Хацелася б, каб наша палітычная эліта зразумела ўсю сваю адказнасць за лёс краіны. І намаганні свае накіравала на тое, каб уз’яднаць усе патрыятычныя сілы Беларусі з тым, каб даць адпор гэтым імперскім амбіцыям. Таму што, якая б не была ў нас сітуацыя ў эканоміцы, яна не настолькі паганая, каб можна было здаць сваю краіну.
За апошнія 20 з паловай гадоў, якія б ні былі дапушчаны памылкі, увесь свет убачыў, што ёсць незалежная Беларусь і вельмі шмат людзей, якія гэта шануюць. І кожны патрыятычна настроены грамадзянін Беларусі выступае толькі за тое, каб мы жылі ў сваёй краіне незалежна і прытрымліваліся тых дзяржаўных прынцыпаў, якія паўсталі ў 1991 годзе – гэта без’ядзерная, нейтральная дзяржава, – сказала Алена Анісім.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя