Алена Анісім: Спадар Трусаў не будзе маім памочнікам



Намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім, якая была абрана дэпутатам у Палату прадстаўнікоў, распавядае пра тое, ці змянілася яе жыццё пасля выбараў, як рэагуе на крытыку ў свой бок і рыхтуецца да дэпутацтва.

Алена Анісім: Амаль два тыдні, якія прайшлі пасля выбараў, былі для мяне насычанымі рознымі інтэрв’ю, журналісцкай цікавасцю і, безумоўна, асноўнай працай, бо я яе яшчэ не закончыла. Таму працы хапала.

РР: Як вы рэагуеце на крытычныя выступы ў СМІ ў свой адрас? Ці адказваеце крытыкам?

Алена Анісім: Наколькі магу – адказваю, хоць надзвычай крытычных стрэлаў не бачыла. Іншая справа, што ёсць нейкія выказванні і перасцярогі наконт таго, ці шмат зможа зрабіць дэпутатка Анісім у парламенце. Маўляў, яна можа растварыцца ў агульнай масе і стане такой, як і астатнія. І я нармальна рэагую на гэта. Кожны чалавек мае права на сваю думку , і такія крытычныя заўвагі якраз і дапамагаюць вытрымаць тую лінію, якую я для сябе абрала, і карэктаваць нешта, калі штосьці, магчыма, раблю не так. Гэта дапамагае лепш арыентавацца. Таму я ўдзячна ўсім, хто і падтрымлівае, і крытыкуе.

РР: Але ж, відаць, бачылі і выказванні, што «Канапацкую і Анісім прызначылі» ў парламент…

Алена Анісім: Няхай людзі кажуць, што хочуць, але, калі мне тэлефануюць выбаршчыкі і кажуць, што вы – на 100 адсоткаў наш дэпутат, то гэта пераважвае ўсе выказванні пра «прызначэнне». Тыя крытыкі маёй працы, што я праводзіла ў акрузе, проста не бачылі. Таму няхай кажуць што заўгодна, але факт застаецца фактам — па маёй акрузе не было адзначана нейкіх грубых фальсіфікацый, што было адзначана ў тым ліку і міжнароднымі назіральнікамі.

РР: Вы ўжо нейкім чынам рыхтуецеся да дэпутацкай працы?

Алена Анісім: Безумоўна, рыхтуюся, і зараз падбіраю каманду. Некаторых памочнікаў я ўжо сагітавала працаваць, з некаторымі яшчэ праводжу перамовы. Таму праца ідзе.

РР: Магчыма, старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў таксама будзе вашым памочнікам?

Алена Анісім: Адназначна не, бо Алег Анатольевіч вельмі заняты чалавек. У яго ж цэлая выкладчыцкая стаўка ва Універсітэце культуры, і гэта вельмі важная частка. Ён сябе як навуковец яшчэ цалкам не выявіў, таму будзе рэалізоўвацца ў гэтай сферы.

РР: Калі плануеце сфармаваць каманду?

Алена Анісім: Думаю, да канца гэтага месяца, бо ўжо першая сесія Палаты прадстаўнікоў пройдзе 11 кастрычніка.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: naviny.by