Алена Анісім: Трэба правесці кампанію за няўдзел Лукашэнкі ў выбарах
Экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім адмаўляецца ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, калі ў іх будзе ўдзельнічаць дзеючы кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.
Пра гэта Анісім заявіла на Сойме Партыі БНФ, які прайшоў у Менску. Анісім лічыць, што перад выбарамі апазіцыя магла б правесці кампанію па зборы подпісаў за няўдзел Лукашэнкі ў выбарах. Яна заявіла, што гатовая весці перамовы аб супрацоўніцтве падчас прэзідэнцкай кампаніі з Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыяй (Грамада) і Партыяй БНФ.
Сойм Партыі БНФ не прыняў ніякіх рашэнняў аб падтрымцы прэзідэнцкай кампаніі былой дэпутаткі. Як нагадвае Еўрарадыё, Алена Анісім заявіла пра прэзідэнцкія амбіцыі адной з першых, амаль год таму. Аналагічную заяву аб удзеле ў выбарах-2020 Аляксандр Лукашэнка зрабіў 17 лістапада 2019 года.
Беларускае Радыё Рацыя
