Алена Анісім: «Я не магу сказаць, што мяне прызначылі»
Упершыню за апошнія 12 гадоў 2 прадстаўнікі апазіцыі трапілі ў Палату Прадстаўнікоў. Паводле афіцыйных звестак, у Стаўпецкай акрузе Анісім здабыла больш за 40% галасоў выбарцаў. Нягледзячы на фіксацыю фактаў фальшавання вынікаў выбараў па краіне, спадарыня Анісім лічыць, што перамагла заслужана. «Я ўспрыняла навіну пра абранне адэкватна, бо працавала на перамогу,» – гаворыць сябра ТБМ Алена Анісім.
— Я шмат сустракалася з выбаршчыкамі і таму для мяне, канешне, гэта поспех. Гэта поспех нашай арганізацыі, поспех маёй каманды, і поспех тых ідэяў, якія мы прапагандавалі.
РР: Для людзей было нечаканым тое, што прадстаўнікоў апазіцыі, у тым ліку прадстаўніка Таварыства беларускай мовы прызначылі ў парламент.
— Давайце перш за ўсё скажам, што гэта — не прызначэнне. У дачыненні да сябе я не магу сказаць, што мяне прызначылі. Па той простай прычыне, што я не сядзела ў кабінеце і не чакала пакуль хтосьці штосьці за мяне зробіць. Я сядала ў машыну, ляпіла на машыну сваю налепку, і з такім «агітмабілем» ездзіла па 2 раёнах: па Стаўпецкім і Нясвіжскім. Ладзіла пікеты, звярталася наўпрост да выбаршчыкаў. Часам гэта былі проста сустрэчы з людзьмі праз маіх давераных асобаў. Былі сустрэчы ў працоўных калектывах, былі сустрэчы ў дамах культуры па заяўцы, якая была накіравана праз акруговую камісію. Таму, каб казаць, што мяне прызначылі, трэба мець нейкія падставы. Я ведаю, што я працавала больш чым хто-небудзь з тых кандыдатаў, якія ішлі са мной таксама па гэтай акрузе.
РР: Місія АБСЕ, у тым ліку беларускія назіральнікі, палітычныя арганізацыі не прызналі вынікаў гэтых выбараў. Ганна Канапацкая цэлы дзень раілася адносна прызнання мандату. Ці ў Вас былі такія думкі?
— У мяне такіх думак не было. Па той простай прычыне, што ў мяне няма аніводнага факту, калі незалежныя назіральнікі, ці міжнародныя назіральнікі, а іх было дастаткова на нашай Стаўпецкай акрузе №70, сцвярджалі пра тое, што падчас выбарчай кампаніі былі фальсіфікацыі, нейкія падтасоўкі ці нейкія факты, якія б сведчылі, што выбары несапраўдныя. Ні выбаршчыкі, ні хто-небудзь яшчэ, не заяўляў пра такія факты. У мяне самой проста не было ніякай фізічнай магчымасці нешта адсочваць, бо мая задача была за час кампаніі дайсці да кожнага выбаршчыка, агучыць сваю праграму, запытацца. І дарэчы, было вельмі многа адказаў і прапановаў ад выбаршчыкаў адносна мясцовых праблемаў. Я разумею, што я іх не вырашу, але скарыстаўшыся сваім ужо дэпутацкім статусам я змагу паўплываць на вырашэнне гэтых праблемаў. Безумоўна, я бачу сваю задачу ў тым, каб умацаваць грамадзянскую супольнасць на месцах, каб людзі на месцах навучыліся гуртавацца дзеля таго, каб вырашаць свае мясцовыя праблемы, і такім чынам, каб мы падышлі да таго, што ёсць ва ўсім свеце — да мясцовага самакіравання.
РР: Ці збіраецеся Вы напярэдадні першай сесіі Палаты прадстаўнікоў правесці нейкія кансультацыі з Ганнай Канапацкай?
— Ганна — прадстаўніца апазіцыйных колаў. Справа ў тым, што я пакуль яшчэ працую ў Акадэміі Навук і час у мяне дастаткова абмежаваны. Таму я не ведаю, атрымаецца ці не. Магчыма нам давядзецца пазнаёміцца ўжо падчас першай сесіі.
РР: Вы ўжо вызначылі кола асобаў, якіх вы прызначыце памочнікамі дэпутата і, мабыць, сфармулявалі асноўныя тэзы, з якімі Вы пойдзеце ў Палату Прадстаўнікоў.
— Справа ў тым, што я яшчэ канчаткова не сфармавала спіс сваіх памочнікаў. Я над гэтым буду яшчэ думаць, буду раіцца, буду размаўляць з людзьмі, бо я магу хацець чалавека бачыць сваім памочнікам, а ў яго можа не атрымлівацца, таму што гэта і адказнасць, і час, і ўсё астатняе. Таму, канчаткова каманда яшчэ не сфармаваная. А што да маіх планаў, дык яны збольшага агучаныя ў праграме, якая складаецца з 2 частак. Першая частка тычыцца тых 2 раёнаў і тых праблемаў, якія абазначаны. А другая частка — тое, што ў межах краіны. Безумоўна, вельмі вялікая частка тычыцца і памераў заробкаў і, канешне, памераў пенсіі, бо зразумела, што павінна быць пенсійная рэформа, і гэта не толькі аўтаматычнае падняцце пенсійнага ўзросту.
РР: Спадарыня Алена, значыцца Вы мяркуеце знайсці падтрымку і паразуменне таксама і ў Палаце прадстаўнікоў?
— Несумненна. Я ўпэўнена, што я там буду мець падтрымку. Па некаторых пытаннях на 100%, па некаторых можа на 80, а па нейкіх можа і яшчэ менш, але першае пытанне, якое мы будзем уносіць на разгляд парламента, гэта пытанне дзяржаўнай падтрымкі беларускай мовы. Праект гэтага закона падрыхтаваны сіламі Таварыства беларускай мовы. Ён быў адхілены папярэднім скліканнем…
«Я думаю, што нам усё ж удасца схіліць парламенцкую супольнасць прыняць гэты закон,» — дадала Алена Анісім.
Спадарыня Анісім пераканана, што ў няпростых геапалітычных варунках мова з’яўляецца асноўным чыннікам нацыянальнай бяспекі.
Незалежныя назіральнікі і міжнародная супольнасць не прызналі парламенцкія выбары сумленнымі і справядлівымі.
Гутарыў Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: БелаПАН