Алена Анісім зноў мае намер балатавацца ў Палату прадстаўнікоў



Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім, старшыня грамадскага аб’яднання „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” (ТБМ), зноў мае намер балатавацца ў ніжнюю палату на выбарах, якія пройдуць 17 лістапада.

Паводле слоў Анісім, намер застацца ў парламенце на другі тэрмін ніяк не паўплывае на яе планы ўдзельнічаць у выбарах прэзідэнта ў 2020 годзе.

Акрамя таго, дэпутат нагадала, што 27 студзеня Рада ТБМ прыняла заяву з заклікам да членаў аб’яднання прыняць „актыўны ўдзел у палітычных кампаніях у 2019—2020 гадах з мэтай папулярызацыі беларускай культуры і пашырэння ўжывання беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця краіны”.

З пачаткам парламенцкай кампаніі кіраўніцтва ТБМ пачало перамовы з членамі аб’яднання, у якіх ёсць жаданне балатавацца ў Палату прадстаўнікоў. „Не ведаю, ці ўдасца нам сабраць 50 чалавек з такімі намерамі, як заяўлялася раней. Уся справа ў тым, што многія сябры ТБМ з’яўляюцца членамі партый або іншых арганізацый, таму яны могуць вылучацца ад гэтых структур. Але мы пагаворым з імі, каб, нават калі яны будуць вылучацца ад партый ці іншых арганізацый, у нас ішла ўзгодненая кампанія з агульнай праграмай дзеянняў. Праца ўжо пачалася”, — заявіла Анісім.

5 жніўня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указы № 293 і 294 аб прызначэнні выбараў у Савет Рэспублікі і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання. Яны пройдуць адпаведна 7 і 17 лістапада 2019 года.

Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ў інтэрв’ю тэлеканалу ОНТ 4 жніўня паведаміла, што чарговыя выбары прэзідэнта Беларусі, хутчэй за ўсё, пройдуць 30 жніўня 2020 года. Паводле яе слоў, згодна з заканадаўствам прэзідэнцкія выбары павінны адбыцца не пазней за гэты дзень. „Гэта, думаю, з вялікай верагоднасцю і ёсць дата выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Так, гэта лета. Але 30 жніўня — гэта дзень, калі ўжо ўсе прыязджаюць у асноўным. Прынамсі, людзі, у якіх ёсць дзеці, з’язджаюцца студэнты. У асноўным насельніцтва, па большай частцы, будзе знаходзіцца па месцы сваёй рэгістрацыі”, — сказала кіраўнік ЦВК.

belapan.by