Алена Радзькова: Перамены ўжо блізка! І людзі да іх гатовыя



Алена Радзькова — з таго пакалення моладзі, якое вырасла пры Лукашэнку.

І пачатак яе біяграфіі нібыта гарантаваў спакойнае дарослае жыццё пры добрым заробку: яна былая спартоўка-лыжніца, скончыла Наваполацкую школу алімпійскага рэзерву, потым Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт па спецыяльнасці “эканаміст”. Але яшчэ ў юнацтве зразумела, што Беларуссю кіруе “не той чалавек”:

– Яшчэ гадоў у 15 я паглядзела Юрыя Хашчавацкага «Звычайны прэзідэнт» і пра Плошчу-2006.  Тады мне стала ясна, што Лукашэнка – не той чалавек, які павінны кіраваць нашай краінай. Але што ты можаш зрабіць, калі табе 15 гадоў? Калі мне было 19, і я вучылася ва ўніверсітэце, пайшла на Плошчу-2010. Я ведаю, што шмат хто з маіх сяброў імкнуўся туды, але з рэгіёнаў не выпускалі – на выездах з гарадоў стаяла не проста  ДАІ, а людзі з аўтаматамі. А мне пашанцавала, я была ў Менску. Спачатку пайшла, бо мне было проста цікава. А потым разам з усімі пайшла да канца, і было крыўдна, што ўсё так скончылася. І я 10 год чакала сённяшняга дня, пакуль насамрэч з’явілася магчымасць нешта зманіць.

Зараз Алена Радзькова – давераная асоба Святланы Ціханоўскай. За апошнія два месяцы ў як жыццё адбылося шмат падзеяў: яна брала ўдзел у стрымах Сяргея Ціханоўскага, за што атрымала першы штраф. Другі ёй прысудзілі за ўдзел у нібыта несанкцыянаваным пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты. Пасля гэтага яе звольнілі з працы. Але дзяўчына верыць, што знойдзе новую, і ўсё ў ейным жыццё ўсталюецца – але пасля зыходу Аляксандра Лукашэнкі:

– Гэтую веру мне даюць людзі. Мы шмат ездзілі па розных рэгіёнах, размаўлялі з людзьмі. Яны ўсё разумеюць і ведаюць: і пра белыя стужкі, і пра платформу “Голас”. Я бачу, што людзі гатовыя да пераменаў, яны іх чакаюць. І я чакаю,  веру ў нашу перамогу. Яна ўжо блізка, я ўжо яе бачу!

Цалкам гутарку з Аленай Радзьковай слухайце ў далучаным файле:

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя