Алена Талстая: Для эфектыўнага пратэсту хопіць 5% на вуліцах
Актыўнай частцы беларускай моладзі надакучыла жыць у краіне без перспектыў. Але пакідаць Радзіму хоча не кожны, неабходна навесці парадак і прыйсці да дэмакратыі ў сябе дома.
Сустаршыня Руху салідарнасці «Разам» Алена Талстая адзначае, што сёння беларуская моладзь мае свежыя ідэі і імпэт да пераменаў. А для змены ўлады хопіць і 5% людзей на вуліцах.
– Нармальных людзей большасць. І частка гэтых людзей выйшла на плошчу, бо больш цярпення няма. У моладзі больш імпэту, больш энергіі. Яна прыйшла. І я проста была вельмі рада бачыць гэтыя твары. Як мы бачым па гістарычным досведзе іншых краін, дастаткова нейкага адсотка, літаральна 5%, якія выходзяць. Пасля выходзіць 10%, а потым выходзяць усе астатнія. І гэта будзе страшна. Я за тое, каб у нас змены адбываліся натуральным шляхам.
Алена Талстая перасцерагае цяперашнія ўлады ад далейшага ціску на студэнтаў і працоўных. Калі Лукашэнка і ягоныя падначаленыя працягнуць уціскаць людзей, гэта можа скончыцца вельмі кепска для ўлады, а перамены мірным шляхам у такім выпадку могуць не адбыцца.
Сустаршыня Руху салідарнасці «Разам» лічыць, што ўсе дэмакратычныя кандыдаты на цяперашніх выбарах, нягледзячы на розніцу ў палітычных поглядах, хочуць жыць у свабоднай краіне. Гэтым яны адрозніваюцца ад цяперашніх дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Кажа Алена Талстая:
– Горш за тых дэпутатаў так званых, якія зараз знаходзяцца ў так званай “палатцы”, наўрад ці нехта з тых беларусаў, якія выходзяць сёння з пікетамі на вуліцы, будзе. Сённяшнія дэпутаты – гэта антыбеларускія дэпутаты. Усё, што яны робяць, яны робяць несамастойна, пад указку так званага “прэзідэнта”. Таму тыя беларусы, якія пайшлі сёння кандыдатамі ў дэпутаты, яны ведаюць тыя беды, з якімі сутыкаюцца людзі. Можа мы не можам чакаць ад іх высокага градусу нацыяналізму, але гэта людзі, якія ведаюць праблемы, хочуць нешта змяніць, якія хочуць жыць у вольнай, дэмакратычнай еўрапейскай краіне.
У суботу а 18-й гадзіне на плошчы Свабоды ў Менску адбудзецца чарговая акцыя, якая называецца «Сустрэчай свабодных людзей».
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск