Алена Талстая: Пазіцыя ўкраінскіх уладаў для нас вельмі важная
Кожную нядзелю беларусы Кіева збіраюцца на Майдане Незалежнасці, каб правесці акцыі салідарнасці з рэпрэсаванымі рэжымам Лукашэнкі.
Ва Украіну беларусы бягуць ад “юрыдычных вычварэнстваў сталінскіх часоў”, адзначае сустаршыня Руху Салідарнасці “Разам” Алена Талстая – сённяшняя “Госця Рацыі”.
– Сённяшняя плынь беларусаў ва Украіну не першая. І праз салідарнасць тых беларусаў, якія сюды раней прыехалі, якія ўжо могуць дапамагаць бежанцам, мы сваю супрацу таксама арганізуем. Бо самае галоўнае, што беларусы сёння выпрацоўваюць гарызантальныя сувязі, грамадскую актыўнасць, салідарнасць, валанцёрства, каб мы маглі дзейнічаць самастойна і падтрыліваць адзін аднаго. І тыя беларусы, якія трапілі сюды раней, яны актыўна падтрымліваюць новую плынь беларускіх бежанацаў.
РР: На дадзены момант, наколькі ўкраінцы ведаюць сітуацыю ў Беларусі: пра рэпрэсіі, пра крымінальныя справы, суды, пра тое, што зараз адбываецца?
Алена Талстая: На жаль, нават у самой Беларусі гэтай інфармацыі мала. Міжнародныя структуры карыстаюцца афіцыйнымі крыніцамі, такімі, як “Вясна”. І мы разумеем, што, з аднаго боку, “Вясна” ва ўмовах пераследу робіць практычна немагчымае, з іншага боку, вялікая ёсць розніца ў колькасці , якія дае “Вясна”, і тымі падлікамі, якія дае dissidentby. Тры тысячы крымінальных справаў заведзена. Каля тысячы чалавек сядзіць за кратамі. І ёсць праблема наконт вызнання людзей палітвязнямі. Тут павінна быць, канешне, спрошчаная сістэма, а не тая, якой зараз карыстаюцца, чакаючы судоў, якіх няма ў Беларусі па вызначэнні. Няма ў нас незалежнага суда. Таму чакаць, пакуль чалавека засудзяць, каб прызнаць яго палітвязнем, гэта не лагічна.
Мы бачым, сёння заводзяцца справы за так званы тэрарызм, дэкларуецца прымяненне да людзей метадаў змагання з міжнародным тэрарызмам. Але сёння прыраўноўваць беларускі мірны пратэст да тэрарыстаў ІГ ці яшчэ якіх, гэта проста абсурд. І вось гэтыя пагрозы, што будуць пераследаваць людзей і за межамі Беларусі, мне нагадваюць знакаміты выраз Пуціна: “будем мочить в сортире». Гэтая расправа без суда і следства практыкуецца Лубянкай КГБ увесь савецкі час. І беларусы нават за межамі Беларусі не ведаюць, ці пагражае ім нешта.
Тут пазіцыя ўкраінскіх уладаў вельмі важная. Таму што можа быць серыя патрабаванняў на выдачу беларускіх актывістаў. І, канешне, рабіць гэтага ні ў якім разе нельга. І я думаю, што ўкраінскія ўлады абсалютна адэкватна да гэтага будуць ставіцца.
Таму што ў Беларусі ўвялі ў практыку юрыдычнае вычварэнства сталінскіх часоў, якое прыдумаў Вышынскі – гэта пакаранне за намер. Гэта азначае пакаранне за думкі. Гэта азначае, што чалавек, які нічога не зрабіў, яго абвінавачваюць у тым, што ён нешта там замысліў, і ніякіх спосабаў даказаць, што ты не вінаваты, няма. Прэзумпцыя невінаватасці цалкам адсутнічае ў Беларусі. Суды закрытыя. Адвакаты пад падпіскай пра неразгалошванне, таму ніякія матэрыялы справы не вядомыя грамадству, і людзям інкрымінаваць можна ўсё што заўгодна. Ніхто пра гэта не даведаецца. І адзінае наша змаганне зараз – гэта публічнасць, казаць пра гэта і ціснуць на рэжым у тым ліку праз эканамічныя санкцыі. У дачыненні да ўкраінскай улады – гэта вялікая просьба і патрабаванне перастаць купляць электычнасць з Астравецкай АЭС.
Рух Салідарнасці “Разам” амаль год штонядзелю арганізоўвае акцыі салідарнасці з рэпрэсаванымі беларусамі супольна з рознымі беларускімі арганізацыямі, які цяпер існуюць у Кіеве. “Гэтая еднасць і агульныя мэты дапамагаюць нам яднацца, што вельмі важна зараз”, – адзначыла Алена Талстая.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя, Кіеў
Фота: facebook.com