Алена Талстая: У беларусаў выйсце толькі адно – перамога



Больш за сто дзён у Беларусі ідуць акцыі пратэсту: на працягу тыдня ў ланцугі салідарнасці, на  маршы і  мітынгі выходзяць пенсіянеры, жанчыны, медыкі, студэнты, а ў нядзелю — ўсе яны разам. Нягледзячы на жорсткія разгоны і гвалт з боку сілавікоў, беларусы працягваюць настойваць на мірным характары сваіх пратэстаў. Гутарым пра гэта з сённяшнім „Госцем Рацыі” –  сустаршынёй Руху салідарнасці “Разам” Аленай Талстой. 

РР: На гэтым тыдні было 100 дзён беларускаму пратэсту. Для Вас гэтыя 100 дзён чым сталі?

Алена Талстая: Як і для кожнага беларуса гэта, канешне, выпрабаванне. Таму што, дзе б мы не знаходзіліся, мы не можам быць па-за гэтымі працэсамі. Гэта і бяссонныя ночы, гэта з першых дзён пасля выбараў сувязь з блізкімі і сябрамі ў Беларусі, гэта калі ты ўвесь час на сувязі з Менскам, калі ты маніторыш каго затрымалі, хто на волі, каму нейкая дапамога патрэбна. Гэта сябры нашага Руху Салідарнасці “Разам”.

РР: А для краіны чым сталі гэтыя 100 дзён?  

Алена Талстая: Для Беларусі – гэта і фармаванне нацыі, і салідарнасць тая, якой не было ніколі раней. І гэта ўсведамленне сябе беларусамі, і ўсведамленне сябе нацыяй. Бо мы бачым, што адбыліся працэсы, на якія ніхто не разлічваў. Мы бачым, што гэты выбарчы фарс, які планаваўся Лукашэнкам, які меўся быць проста разборкай паміж прамаскоўскімі групоўкамі і Лукашэнкам, – раптам у гэтых разборках узнікае трэцяя сіла. І беларускі народ робіцца не аб’ектам, над якім ажыццяўляецца нейкі гвалт, а робіцца суб’ектам палітыкі. Да гэтага ў Беларусі не было такога суб’екту як беларуская нацыя. І менавіта сваё права беларуская нацыя пачала ажыццяўляць праз наўпроставае народаўладдзе.

РР: Для Вас гэта стала нечаканасцю?

Алена Талстая: Тое, што працэсы па абуджэнні беларускага грамадства пачаліся, мы бачылі з пачаткам пандэміі ў Беларусі. Калі ўзнікла салідарнасць, валанцёрскі рух, калі людзі зразумелі, што яны кінутыя фактычна сам-насам з гэтай бядой, калі Лукашэнка фактычна пачаў гэты здзек над тымі беларусамі, якія гінулі ад эпідэміі. І гвалт пачаўся ўжо за месяц да выбараў. Лукашэнка адступіў ад сваёй схемы, калі ён пачынаў рэпрэсіі пасля выбараў. Ён ужо да выбараў пачаў ізаляваць, затрымліваць, збіваць блогераў, актывістаў, палітыкаў. Ізаляванне іх адбылося за месяц  да выбараў. І было зразумела, што нейкія працэсы адбудуцца. Але тое, што беларусы выйшлі на вуліцы беларускіх гарадоў менавіта пад бел-чырвона-белымі сімваламі, гэта, канешне, было нечаканасцю для ўсіх. І гэта было вялікім узрушэннем. І нейкім спадзяваннем, што Беларусь усё ж такі вырвецца.

РР: 100 дзён ужо жыве Беларусь на такіх эмацыйных арэлях ад – „мы пераможам”, да – „ўсё прапала”. Вы, па сваіх адчуваннях, на якой стадыі знаходзіцеся?

Алена Талстая: У Беларусі ідзе вайна. Пра гэта трэба казаць. Ідзе вайна супраць беларускага народа. Ідзе генацыд беларускай нацыі. Ідзе знішчэнне і беларускай нацыі, і беларускай дзяржавы. І тут, я думаю, не месца гэтым эмацыйным арэлям. Трэба проста рабіць сваю працу. Бо калі мы не абаронім сваю нацыю і сваю дзяржаву, спадзявацца няма на што. Ужо не будзе таго плато, якое наступала пасля мінулых выбараў. Проста Беларусь перастане існаваць як дзяржава і як нацыя.  У беларусаў няма выйсця. Выйсце толькі адно – гэта перамога. Не можа жыць згвалтаваны чалавек без таго, каб не была справядлівасць. Не можа жыць цэлы народ, цэлая нацыя ў гвалце. І, я думаю, што гэта найвялікшая мужнасць сёння тое, што беларусы выходзяць на вуліцы беларускіх гарадоў. І гэта вялікая мужнасць – несці бел-чырвона-белы сцяг, несці беларускую мову і працягваць гэты супраціў. І выйсце, я думаю, зараз у самаарганізацыі на ўсіх роўнях: у самаарганізацыі ў дварах, на прадпрыемствах, сярод індывідуальных прадпрымальнікаў, працоўных, каб былі стачкамы, каб былі незалежныя прафсаюзы. Бо без такой самаарганізацыі цяжка будзе перамагчы. Мы бачым, якія рэпрэсіі супраць усіх актыўных людзей.

РР: Але назіраецца ўсё ж такі псіхалагічная стомленасць. Колькі яшчэ чакаць гэтай перамогі?

Алена Талстая: Яна ўзнікае праз тое, што людзі па звычцы ўскладаюць свае спадзяванні на кагосьці: альбо на Захад, альбо на прадстаўнікоў так званай новай апазіцыі. Але мы бачым, што гэтыя людзі таксама далёкія ад таго, каб кудысьці скіроўваць пратэстную актыўнасць беларусаў. І калі мы будзем чакаць, што нехта прыйдзе і нехта нас уратуе, гэта будзе і далей чаканнем. Справа ўратавання беларусаў толькі ў руках саміх беларусаў. У самаарганізацыі беларусаў.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Гутарыла Вольга Гарбачова, Беларускае Радыё Рацыя