Алена Васільева: Мы бачым небяспеку зліцця з Расейскай Федэрацыяй



Сотні, калі не тысячы беларусаў, з’‎ехалі па-за межы Беларусі ў выніку падзеяў, звязаных з сітуацыяй падчас і пасля прэзідэнцкай кампаніі ў краіне. Хтосьці сапраўды меў патрэбу ў гэтым, каб выратавацца ад турмы, а хтосьці проста скарыстаўся абставінамі для пошуку лепшай долі на чужыне. Калі другія пераважна зніклі ў «замежжах», то некаторыя з першых стварылі свае асяродкі дапамогі такім жа беларусам. Сярод іх і фонд «Беларускі Майдан» ва Украіне, адна з задачаў якога — стварэнне свайго сродка масавай інфармацыі.

Сённяшні госць Рацыі – стваральніца фонду „Беларускі Майдан” Алена Васільева.

РР: Алена, распавядзіце пра ідэю стварэння фонда. Чаму менавіта ва Украіне? І чым ён адрозніваецца ад дзясяткаў іншых падобных ініцыятываў, якія з’явіліся як грыбы пасля дажджу ў выніку падзеяў, звязаных з гэтай летняй палітычнай кампаніяй?

Алена Васільева: Ідэя стварэння фонда ў нас з’явілася ў кастрычніку. У Кіеў мы прыехалі ў верасні. Збеглі з Беларусі, сабраўшыся за дзве гадзіны, з улікам тых абставінаў, якія ўзніклі. Фонд “Беларускі Майдан” адрозніваецца ад іншых фондаў. Гэта не платформа збору грошай сярод насельніцтва для дапамогі людзям, якія апынуліся ў цяжкай сітуацыі. Гэта хутчэй фандрайзінгавая платформа, якая разлічана на доўгія праекты. Чаму “Беларускі Майдан”? Таму што наша пазіцыя, аб гэтым ужо чытаем у розных крыніцах, адрозніваецца ад пазіцыі сённяшніх так званых лідараў апазіцыі. Мы назвай фонда хочам паказаць нашу прыхільнасць ідэям нацыянальнай ідэнтычнасці Беларусі і руху ў бок Еўропы. Праблема, на наш погляд, у тым, што лідары сённяшняга пратэсту, 70% беларусаў, якія змагаюцца з рэжымам, не змагаюцца за нейкія канкрэтныя каштоўнасці, акрамя звяржэння Лукашэнкі. Што датычыць праграм, якія фонд збіраецца рабіць, мы спачатку збіраемся дапамагчы беларусам, якія апынуліся ва Украіне, мы гэта і робім, але грошы на гэта мы не збіраем. Пасля двух маіх выступаў з’явіліся ўкраінцы, якія гатовы былі размяшчаць беларусаў у сябе бясплатна. Мы некаторых хлопцаў, якія прыязджалі і мелі патрэбу, давалі кантакты. І наколькі я ведаю, там усё атрымалася. Наша асноўная задача – стварэнне незалежнага СМІ. І яшчэ дзве праграмы, якія я пакуль не хачу агучваць. Таму што павінны іх яшчэ аформіць у кейс. Адзінае, збор грошай, які мы абвясцілі, гэта на паездку ў зону баявых дзеянняў. Таму што пасля з’яўлення фонда з такой назвай да нас прыйшлі запыты ад хлопцаў, у тым ліку ад беларусаў, якія ваююць на Данбасе, з просьбай сабраць неабходныя рэчы, якіх ім не хапае. Таму мы абвясцілі збор на невялікую суму. Што датычыць СМІ, то нам аказваюць патранаж вядомыя ўкраінскія журналісты, вельмі вядомыя. І цяпер мы знаходзімся ў працэсе абмеркавання фінансавання гэтага праекта сярод арганізацый, якія могуць нам дапамагчы. Задача фонда, гэта перадусім падтрымка праз СМІ, праз нейкія іншыя праграмы нацыянальна арыентаваных ініцыятываў, якія будуць дапамагаць прасоўваць пранацыянальныя ідэі ў грамадства, падтрымка нацыянальна арыентаваных лідараў, а таксама супрацьдзеянне расейскай прапагандзе і магчымаму ментальнаму зліццю з Расейскай Федэрацыі, якая можа вынікаць з гэтай прапаганды. Такія задачы перад намі стаяць.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя