Алена Жываглод: Наперадзе вялікая праца



Слуханні па пытаннях вызвалення беларускіх палітзняволеных завершаныя. У Варшаве цягам двух дзён палітыкі, грамадскія дзеячы, родныя вязняў, актывісты прадстаўлялі розныя погляды на адну праблему.

Сённяшняя Госця Рацыі – віцэ-спікерка Каардынацыйнай Рады Алена Жываглод – у размове з нашай карэспандэнткай Марынай Савіцкай падводзіць вынікі мерапрыемства.

РР: З якімі чаканнямі вы падыходзілі да гэтых слуханняў?

— Я мела ўласнае чаканне, каб гэта была адкрытая гутарка з мэтай прызнаць, што стратэгіі ідэальнай няма, ёсць яе варыянты, і ўсе гэтыя варыянты могуць суіснаваць. Калі гаварыць пра дэкларацыю публічных мэтаў Каардынацыйнай рады, то фактычна гэта пляцоўка для дыскусіі, бо тэма адчувальная, спрэчная заўсёды, даць магчымасць выказацца ўсім, хто жадае выказацца па тэме.

У ідэале мы ставілі амбіцыю зблізіць пазіцыі, магчыма, хтосьці кагосьці пераканаць, і на выхадзе мець рэзалюцыю Каардынацыйнай рады не ўсіх дэмакратычных сіл. Гэта важная рэмарка, бо была такая дыскусія, што з боку гэта выглядае так, быццам удзельнікі, хто не сябар Каардынацыйнай рады, і, мабыць, у гэтым праблема, як мы іх запрашалі, разлічваюць ці думаюць, што мы замахваемся па выніках слуханняў на пляцоўцы Каардынацыйнай рады выдаць адзіную стратэгію дэмакратычных сілаў адносна пытання аб палітыцы зняволеных. Гэта не так. І гэта было б надта амбіцыйна, і можа быць нават наіўна, і не зусім карэктна.

Мы зрабілі гэтыя слуханні адкрытымі, публічнымі, для таго, каб пачуць розныя стратэгіі, для таго, каб пачуць экспертаў, кансультантаў па гэтай тэме, розных аўтараў, палітычныя розныя суб’екты былі таксама, не толькі сябры Каардынацыйнай рады.

Аднак гэта для таго, каб Каардынацыйная рада выпрацавала пазіцыю, бо ўнутры самой Каардынацыйнай рады няма аднагалоснасці, гэта фракцыі, што дэбатуюць паміж сабой.

Ну і па выніку гэтых слуханняў мы будзем мець чарнавік рэзалюцыі па стратэгіі адносна палітычных вязняў.
Будуць насіцца праўкі, мы прапануем і беларусам пакінуць таксама сваю карэкцыю, унесці праўкі. Фракцыі будуць каментаваць, кіраваць. І да 9 снежня мы ўжо паставім у Каардынацыйнай радзе на галасаванне. Гэта значыць, мы апублікуем нарыс па выніках слуханняў і затым ужо будуць выпраўленні і потым галасаванне. Да 12 снежня мы будзем мець прагаласаванае ў Каардынацыйнай радзе рашэнне пра рэзалюцыю.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле

«Наперадзе ў нас – яшчэ вялікая праца», – дадала Алена Жываглод.

Беларускае Радыё Рацыя