Карагачову абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў
Былой памочніцы Віктара Бабарыкі ў „Белгазпрамбанку” Алене Карагачовай, якая знаходзіцца ў СІЗА КДБ, 9 ліпеня выставілі абвінавачанне, паведаміў БелаПАН яе абаронца Уладзімір Сазанчук.
Паводле слоў адваката, кліентку абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры на падставе часткі 2 артыкула 243 КК. Абвінавачаная віну адмаўляе.
Сазанчук адзначыў, што ў найбліжэйшыя дні падасць у Генеральную пракуратуру скаргі на незаконнасць абвінавачання ў дачыненні да Карагачовай і на незаконнасць яе заключэння пад варту.
Член ініцыятыўнай групы па вылучэнні Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзідэнты і асабісты памочнік экс-банкіра, якая працавала з ім у „Белгазпрамбанку” больш за 20 гадоў, Алена Карагачова была затрыманая ўвечары 1 ліпеня і дастаўленая ў СІЗА КДБ.
11 чэрвеня ў галаўным офісе „Белгазпрамбанка” і шэрагу іншых камерцыйных кампаній, у тым ліку ў „ПрыватЛізінгу”, прайшлі вобшукі ў рамках крымінальных спраў, якія Камітэт дзяржкантролю распачаў у сувязі з нібыта выяўленымі фактамі ўхілення ад выплаты падаткаў і легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што праверка дзейнасці банка, якім да выбарчай кампаніі кіраваў Бабарыка, праводзіцца паводле яго даручэння. Пры гэтым сцвярджаў, што ніякай палітычнай падаплёкі ў гэтым няма.
Бабарыка звязаў тое, што адбывалася, са сваёй палітычнай дзейнасцю. „Маштабнасць гэтай акцыі беспрэцэдэнтная. Яна праводзіцца ў межах перадвыбарнай кампаніі, і, з майго пункта гледжання, відавочна, што яна мае палітычны характар”, — заявіў ён.
18 чэрвеня Віктар Бабарыка, а таксама яго сын і кіраўнік ініцыятыўнай групы Эдуард Бабарыка былі затрыманыя і змешчаныя ў СІЗА КДБ.
belapan.by
Фота з «УКантакце»