Алены Анісім: Адмова ў рэгістрацыі не сталася для мяне навіной (абноўлена)
Завяршыліся рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. У новым парламенце больш не будзе пары апазіцыянерак – Ганны Канапацкай ды Алены Анісім. Абедзь мелі намер працягнуць працу ў парламенце.
Алена Анісім кажа, што адмова ў рэгістрацыя не сталася для яе навіной.
– Былі такія-сякія сігналы, якія я інтуітыўна ўспрыняла як тое, што магчыма мне будзе адмоўлена ў рэгістрацыі. Першае, што выяўляецца. Для таго, каб сабраць такую неабвержную колькасць подпісаў, трэба ўключаць безумоўна адміністрацыйны рэсурс.
Па словах Анісім, прычынай для яе нерэгістрацыі сталі дробныя тэхнічныя памылкі ў падпісных лістах. Цяпер яна мае намер абскардзіць рашэнне акруговае камісіі. Як і Ганна Канапацкая. Тая ў сваю чаргу абвінавачвае ў тым, што не стала кандыдаткай, кіраўніцтва Аб’яднанае грамадзянскае партыі, сябрам якое з’яўлялася да нядаўняга часу.
Таксама рэгістрацыю не прайшлі лідар руху «За свабоду» Юры Губарэвіч і журналістка Ірына Халіп.
Алена Анісім падвяла вынікі свайго трохгадовага дэпутацтва ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу. Старшыня Таварыства беларускае мовы гаворыць, што зрабіла шмат чаго як на міжнародным узроўні, так і на дзяржаўным ды канкрэтна ў сваёй акрузе на Стаўбцоўшчыне.
– Нам удалося вярнуць беларускую мову ў заканадаўчую сферу. І зараз ужо прайшло два паседжанні экспертнага савета. Ужо зацверджаны тэкст «Кодэкса аб шлюбе і сям’і» на беларускай мове. На падыходзе Выбарчы Кодэкс. І да канца года – частка Грамадзянскага Кодэксу.
Акрамя таго, дзейная дэпутатка адзначае, што дапамагла многіх канкрэтным маладым сем’ям атрымаць жыллё. Яшчэ адным дасягненнем Алена Анісім называе рэгістрацыю прыватнага ўніверсітэту імя Ніла Гілевіча зь беларускай мовай навучання.
Старшыня Таварыства беларускае мовы Алена Анісім перастане быць парламентаром, але не адмаўляецца ад прэзідэнцкіх амбіцыяў. Яна пакуль у пошуку сродкаў для перадвыбарчае кампаніі.
– Сітуацыя разгортваецца такім чынам, што чалавек ад патрыятычных сіл павінен прысутнічаць на палітычнай арэне і як прэтэндэнт на вышэйшую ўладу. Таму я не адмаўляюся. Адзінае, што я для сябе стаўлю межы, да канца года я вымушана знайсці пэўны фінансавы рэсурс.
Па словах Алены Анісім, правесці рэальную палітычную кампанію ў Беларусі магчыма толькі пры наяўнасці адпаведных грашай: «Інакш гэта будзе саматужніцтва, што непажадана ў нашых умовах».
Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя