Алесь Анціпенка: Дзяржмедыя адвялі больш часу выбарам



“Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі адводзяць больш месца і часу для асвятлення працэсу прэзідэнцкіх выбараў у параўнанні з мінулымі выбарам”, – лічыць медыя-эксперт Алесь Анціпенка.

1E08AF78-B4A5-4B5D-915C-C887FE26A7FC_cx34_cy6_cw66_mw1024_s_n_r1

Алесь Анціпенка (Фота svaboda.org)

Пра першыя  высновы адносна пачатку выбарчай кампаніі ён расказаў у час прэзентацыі маніторынгу „Асвятленне прэзідэнцкіх выбараў 2015 г. у беларускіх СМІ”:

– Параўнальна з выбарчай кампаніяй 2010 года дзяржаўныя медыя адвялі больш часу выбарчаму працэсу. Разам з тым як і раней дзяржаўныя медыя не надавалі асаблівай увагі патэнцыйным кандыдатам на прэзідэнта, не рабілася ніякіх спецыяльных рэпартажаў, не друкаваліся матэрыялы, дзе канкрэтна распавядалі б будучым выбарцам пра тых, хто прэтэндуе на тое, каб зарэгістравацца ў якасці кандыдата.

“Дэталёвае інфармаванне дапамагае людзям больш свядома вырашыць, за каго з прэтэндэнтаў паставіць свой подпіс”, – лічыць Алесь Анціпенка.

„З іншага боку, апазіцыйныя прэтэндэнты яшчэ не сталі аб’ектам выключна адмоўнага стаўлення з боку дзяржаўных СМІ. Гэтыя змены звязаныя з тым, што беларускія ўлады зацікаўленыя ў больш спрыяльнай рэакцыі Захаду на тое, як праводзяцца прэзідэнцкія выбары”, – дадае эксперт.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск