Алесь Анціпенка: У нас выбары – гэта такое свята, а не канкурэнцыя ідэяў



Інфармацыя больш тэхнічная, а галоўны спікер Лідзія Ярмошына. Так пра выбары пішуць дзяржаўныя СМІ. Пра гэта сведчыць маніторынг асвятлення ў СМІ парламенцкіх выбараў 2019 года, які праводзіць Беларуская асацыяцыя журналістаў. Зараз прэзентавалі вынікі першага этапу. Падчас пазначанага перыяду адбывалася фармаванне выбарчых камісій, рэгістрацыя ініцыятыўных груп, вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў.

Дзяржаўныя СМІ нас пераконваюць – выбары гэта свята, кажа кіраўнік маніторынгу Алесь Анціпенка.

– Не драматычны выбарчы працэс, а хутчэй, як гэта не адзін раз падкрэслівалі журналісты дзяржаўных медыяў, гэта такая спроба стварыць святочны настрой. І ўвогуле выбары — гэта не канкурэнцыя ідэяў, не палітычных платформаў, а радасная падзея ў жыцці краіны, калі выбарцы натхнёна і з узнёслым настроем ідуць да выбарчых участкаў, каб прагаласаваць.

Аб’ектамі маніторынгу з’яўляюцца 14 беларускіх медыяў, дзяржаўных і недзяржаўных, электронных і друкаваных, агульнанацыянальных і рэгіянальных. У аналізаваных дзяржаўных медыях дамінавала тэхнічная інфармацыя пра арганізацыю выбарчай кампаніі, а галоўнымі суб’ектамі выбарчага працэсу былі Аляксандр Лукашэнка і старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, якія сваімі выказваннямі вызначалі, як, з іхняга гледзішча, маюць прайсці выбары і якім павінен быць будучы склад парламента.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя