Алесь Астроўскі: Гэта проста жахлівы, сатанінскі абсурд
Прафесар Алесь Астроўскі – чарговы аштрафаваны за ўдзел ва ўшанаванні памяці паўстанцаў у Свіслачы. 15 базавых велічынь штрафу прысудзіла яму суддзя Ленінскага раённага суда Гародні Алена Пятрова. Алеся Астроўскага прызналі вінаватым паводле кодэксу пра адміністарцыйнае правапарушэнне, якое нібыта ён здзейсніў 26-га кастрычніка на дзень памяці паўстанцаў 1863-га году ў Свіслачы. Віны Алесь Астроўскі не прызнаў:
– Тое, што адбываецца, проста нейкі абсурд, прычым не вясёлая камедыя абсурду, а жахлівы нейкі абсурд, сатанінскі. Вось уявіце сабе, людзі, свядомыя, патрыятычныя, прыйшлі пакланіцца з нагоды чарговай гадавіны нацыянальна-вызвольнага паўстання нацыянальнаму герою і яго сябрам, якія змагаліся за нашу свабоду, і за гэта цяпер рэжым іх судзіць. Прычым помнікі стаяць, дзякуй Богу, яшчэ легальна, месцы там абсталяваны, каб людзі прыязджалі экскурсіямі, аглядамі, выступалі.
У ходзе судовага паседжання Алесь Астроўскі давёў, што ў пратаколе міліцыянты хлусліва ўказалі, што ён сфатаграфаваўся ля бел-чырвона-белага сцяга. На месца, дзе ўдзельнікі акцыі фатаграфаваліся са сцягам, прафесар не даехаў. Але гэта не перашкодзіла Алене Пятровай даць высокі штраф.
За ўшанаванне памяці паўстанцаў 1863-га году 26-га кастрычніка ўжо аштрафавалі: Юры Глебік са Свіслачы, Міхал Карневіч, Уладзімір Хільмановіч, Ежы Грыгенча, Віталь Лопасаў, Віктар Бабкін, Уладзімір Пруднікаў, Аляксандра Васілевіч, Вадзім Саранчукоў, Алесь Астроўскі з Гародні, Віталь Гуляк з Ваўкавыску, Алесь Мех з Кобрыну, Кастусь Дзмітрыеў з Азёраў.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя