Алесь Астроўскі: Патрабаванне новых выбараў для Беларусі ключавое
Грамадска-палітычныя падзеі ў Беларусі, якія праходзяць у буйных гарадах, не носяць характар рэвалюцыі. Дасягнуць аніводнага патрабавання за больш як 70 дзён гэтак і не ўдалося.
Выступы беларускіх грамадзянаў супраць сваволля сістэмы і Аляксандра Лукашэнкі прафесар Алесь Астроўскі ацэньвае як „пратэст” ці „рэвалюцыю пратэсту”.
– Істотныя змены сацыяльна-палітычнай арганізацыі грамадства. Часткова і эканамічныя. Іншая сістэма павінна з’явіцца ў выніку гэтых падзей. У дадзеным выпадку, так як разгортваюцца падзеі, глыбінныя пытанні не паднімаюцца. Па сутнасці пытанне, у тых, хто выходзіць на вуліцы, толькі адно – гэта змена ўлады. І гучыць яно ў слоганах альбо “Сыходзь!”, альбо “Патрабуем новых выбараў”. Па тых лозунгах, якія гучаць у ходзе гэтых вулічных акцыяў, бачна, што гэта не рэвалюцыя, гэта пратэст.
Патрабаванне новых выбараў для Беларусі ключавое. І так, як праходзяць яны апошнія 25 гадоў, – не дае карысці беларусам і краіне ў цэлым.
Кажа Алесь Астроўскі:
– Мы павінны, прынамсі ўсе тыя, хто выходзяць на вуліцу, ведаць, што мэта ў нас абсалютна святая, абсалютна апраўданая – патрабаванне новых, нармальных выбараў. Больш за тое, у гэтым патрабаванні няма супярэчнасці паміж тымі, хто выходзіць на вуліцу, тымі, хто глядзіць на нас з боку Еўропы і нават цяпер усё больш і больш адносна тых, хто сядзіць у Крамлі. Па сутнасці супраць толькі адзін чалавек, які сядзіць у Менску. Але калі ты заявіў, што за цябе больш 80%, то чаго табе баяцца.
Менавіта на выбарах – не абмеркаваннях канстытуцыі – варта засяродзіцца, – мяркуе Алесь Астроўскі. „Новыя выбары павінны адбыцца не як вайна замежных грошай і прафесійных піяршчыкаў, якія маніпулююць светаглядам грамадства. Выбары павінны быць як змаганне прапановаў візіі прышласці Беларусі. І толькі беларусы павінны вырашаць лёс сваёй зямлі, дзе яны застаюцца гаспадарамі,” – перакананы прафесар.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя