Алесь Астроўскі: Расейцы могуць „замазаць” Лукашэнку ў крыві



Маскоўскі бок можа пайсці на тое, каб у дзень выбараў «замазаць» Лукашэнку ў крыві. Не выключае рэдактар сайта «Беларусь – наша зямля», прафесар Алесь Астроўскі. І адным з паказчыкаў правакацыяў у Менску будзе адсутнасць трох кабетаў на плошчы, куды яны, фактычна, заклікаюць беларусаў у дзень выбараў.

Кажа Алесь Астроўскі:

– Выкарыстаць правакацыі, пачаць страляць у амапаўца, потым амапаўцы пачынаюць страляць там, дзе падазраюць, што ў натоўпе знаходзяцца гэтыя правакатары. Гінуць людзі, усё гэта будзе прыпісана Лукашэнку, і атрымаецца, што ў Лукашэнкі будзе цалкам закрытая магчымасць пайсці на кантакт з годнымі людзьмі на Захадзе. І тады, як гэта Пуцін любіць выказвацца, цап-царап – і Беларусь трапіць у Маскву. Такім чынам, прыкмета таго, што могуць быць правакацыі – ці будуць гэтыя жанчыны на гэтай жа плошчы.

У час гэтай электаральнай кампаніі ўжо адбылося прасвятленне для шматлікіх беларусаў, што многія з так званай «старой апазіцыі» працавалі на карысць маскоўскага сцэнару.

Кажа Алесь Астроўскі:

– Такім чынам высветлілася сітуацыя, што састарэлая беларуская так званая дэмакратычная апазіцыя цалкам зліла сябе. Фактычна знішчыла сваім супрацоўніцтвам з расейскай імперскай бюракратыяй па захопе Беларусі. І гэта адначасна стварае новы шанец. Для чаго? Для таго, каб у годнай Беларусі нарэшце пачалі ствараць беларускі нацыянальны патрыятычны рух. І нарэшце падчас выбарчых кампаніяў, прэзідэнцкай ці парламенцкай, пачалі з’яўляцца годныя кандыдаты, за якіх варта было б ісці і галасаваць.

Адсутнасць магчымасці назірання, адсутнасць прабеларускага кандыдата не дае падстаў для ўдзелу ў выбарах людзей, якія прытрымліваюцца дзяржаўніцкай і незалежніцкай пазіцыі адносна будучыні Беларусі.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя