Алесь Бяляцкі: Адна з галоўных мэтаў – гэта вызваленне палітычных вязняў



“Больш за дзесяць гадоў працуем без афіцыйнай рэгістрацыі, што, безумоўна, стварае пэўныя цяжкасці ў працы. Тым не менш матывацыя людзей, якія працуюць у праваабарончых арганізацыях – вельмі высокая”, – адзначае старшыня праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі.

“Адна з галоўных мэтаў – гэта вызваленне палітычных вязняў, і ў гэтым напрамку можна шмат чаго зрабіць”, – упэўнены праваабаронца:

– Мы мусім даводзіць гэтую інфармацыю да беларускіх грамадзянаў, каб беларусы ведалі, што ў краіне адбываецца. Багата хто проста не ведае пра гэтую праблему. І мы мусім даваць праўдзівую інфармацыю, мы мусім ствараць грамадскую думку ў адносінах да такой з’явы, як палітычныя зняволеныя. Другі момант: гэта праца на міжнародным узроўні мы павінны дзяліцца гэтай іфармацыяй, каб на беларускія ўлады аказвалі палітычны ціск з патрабаваннем вызвалення палітычных вязняў.

“Пытанне палітвязняў павінна пастаянна гучаць на самітах АБСЕ, Рады правоў чалавека ў ААН, Рады Еўропы. Трэба, каб усе міжнародныя структуры спрабавалі праз размовы, заявы і ціск на беларускія ўлады вырашаць гэтае пытанне”, – дадае Алесь Бяляцкі. Паводле праваабаронцаў, цяпер у Беларусі налічваецца шэсць палітычных вязняў.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя