Алесь Бяляцкі атрымаў прэмію «За правы чалавека і вяршэнства закону»



Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам французска-нямецкай прэміі «За правы чалавека і вяршэнства закону» ў 2019 годзе, паведамляе амбасада Францыі ў Беларусі.

Алесь Бяляцкі – старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна». У 2011 годзе Бяляцкага асудзілі на 4,5 года зняволення паводле абвінавачвання ва ўтойванні прыбыткаў з-за мяжы. Бяляцкі сваёй віны не прызнаў і тлумачыў суду, што атрыманыя грошы ішлі на дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій. Асуджанага вызвалілі ў чэрвені 2014 года.​

З 2016 года гэтая прэмія прысуджаецца штогод тым, хто робіць значны ўнёсак у абарону і прасоўванне правоў чалавека і вяршэнства закону ў сваіх краінах і на міжнародным роўні. Яна нагадвае пра бесперапынную працу Германіі і Францыі ў справе захавання правоў чалавека і спрыяе ўзмацненню іх супрацоўніцтва ў гэтым кірунку.