Алесь Бяляцкі: Беларускія выбары праходзяць па сцэнары ўладаў
«Беларускія выбары праходзяць па сцэнары, напісаным уладамі. У сваю чаргу дэмакратычныя кандыдаты спрабуюць выкарыстаць гэтую палітычную кампанію, каб данесці свае думкі і альтэрнатыўныя погляды. Але выбары тым не менш застаюцца нецікавымі для грамадства», – заявіў старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі.
– Цікавасць людзей да парламенцкіх выбараў вельмі нізкая. Усе разумеюць, што гэтыя дэпутаты нічога не вырашаюць. Калі зараз выйсці на вуліцы Гародні ці Менска і спытацца, ці ведаеце вы свайго дэпутата ў парламенце, то, думаю, 90% беларусаў, адкажа, што «не». Вось я таксама, напрыклад, свайго не ведаю. Таму што іх не бачна, не чутна, увогуле гэта больш чыноўніцкая зараз пасада. Выбары зведзеныя да рытуалу, падобнага да таго, які ў свой час быў у Савецкім Саюзе. За маленькім выключэннем, што да выбарчага працэсу дапускаюць апазіцыйных кандыдатаў.
Па словах праваабаронцы, здымаюць самых актыўных дэмакратычных кандыдатаў, якія маглі б стварыць праблемы дзеючай уладзе. У тым ліку не былі зарэгістраваныя на сёлетніх выбарах адзіныя дзве дэмакратычныя дэпутаткі Парламента Алена Анісім і Ганна Канапацкая.
– Яны спадзяваліся, што гэтая ніша дэмакратычных дэпутатаў у парламенце будзе захаваная за імі. Але ўлады па-іншаму раскінулі карты, вырашылі замяніць гэтых кандыдатак, бо яны ўжо займелі нейкі палітычны вопыт, зразумелі, як працуюць механізмы прыняцца законаў, сталі ўжо трошку набываць палітычную вагу. Гэта не цікава ўладам. Таму калі зноў з’явіцца ў нас адзін-два-тры дэмакратычныя кандыдаты, гэта будуць навічкі, гэта будуць, хутчэй за ўсё, асобы другога-трэцяга эшалону.
Не выключыў Алесь Бяляцкі і сцэнара, па якому напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў парламент зробяць «стэрыльным», то бок пазбаўленым ад прадстаўнікоў дэмакратычных сіл.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя