Алесь Бяляцкі: Дзень Волі для цяперашняй улады – гэта пагроза



Набліжаецца Дзень Волі, а Беларусь жыве фактычна ў стане неаб’яўленага вайсковага становішча. Так лічыць сённяшні „Госць Рацыі”, старшыня Праваабарончага цэнтра „Вясна” Алесь Бяляцкі.

Што абмяркоўвалася на Форуме Каліноўскага ў Вільні і як ва ўмовах рэпрэсій працуе ПЦ “Вясна?” Пра ўсё гэта гутарым у нашым эфіры з сённяшнім госцем.

РР: Вы ўдзельнічалі ў Форуме Каліноўскага, ён скончыўся ўчора. У якасці каго вы былі запрошаны?

Алесь Бяляцкі: Сюды была запрошана невялікая беларуская дэлегацыя, у склад якой уваходзіў і я, як праваабаронца, старшыня ПЦ “Вясна”. Адбыліся сустрэчы з удзелам спікераў вельмі высокага роўню. Выступалі прадстаўнікі ЕЗ, Рады Еўропы, ЗША, Польшчы, Літвы, Францыі, Нямеччыны і іншых краін. І асноўнае пытанне, якое разглядалася падчас гэтага форуму – гэта сітуацыя ў Беларусі і якім чынам міжнародная супольнасць можа паспрыяць таму, каб гэтая сітуацыя змянілася на лепшую. Гэта быў мазгавы штурм на вельмі высокім роўні. І я на свае вочы ўбачыў, што Беларусь не сышла з павесткі дня ні еўрапейскіх палітыкаў, ні палітыкаў ЗША, якія зараз з асаблівай заклапочанасцю глядзяць на тое, што адбываецца ў Беларусі. І я перакананы пасля гэтага форуму, што ЗША зараз будуць больш актыўна ўдзельнічаць у вырашэнні гэтага грамадска-палітычнага канфлікту, які цягнецца ў нас ужо не адзін месяц. І я думаю, што вынікі гэтага форуму яшчэ раз паказалі, што мы зараз знаходзімся ў цэнтры ўвагі палітыкі ўсяго свету. Было прынятае рашэнне стварыць пастаянную працоўную групу з прадстаўнікоў парламентаў розных краін свету па Беларусі, якая будзе далей працягваць трымаць у аб’ектыве тое, што адбываецца ў Беларусі і спрыяць вырашэнню гэтага грамадзянскага канфлікту, які адбываецца зараз у нас.

РР: Міжнародная супольнасць увесь час кажа, што ў Беларусі парушаецца права на мірныя сходы. І датычна 25 Сакавіка, партыя БНФ падавала заяўку на правядзенне свята. Ёй адмовілі і прычынай назвалі каронавірус. На вашую думку, калі б не было каронавірусу, улады ўсё роўна адмовілі б?

Алесь Бяляцкі: Несумненна! Я проста перакананы, што Свята Волі 25 Сакавіка заўсёды было той „чырвонай анучай”, на якую вельмі нервова рэагаваў нелегітымны кіраўнік дзяржавы. Калі глядзець, пачынаючы з 1994 года, то большасць святаў на 25 Сакавіка заўсёды праходзілі з затрыманнямі, з разгонамі. І мяне затрымлівалі таксама. Гэта ўсё ёсць у нашай гісторыі. Давайце ўзгадаем, што было на 25 Сакавіка ў 2017 годзе, калі цэнтр Менска быў фактычна акупаваны сіламі АМАПа, спецназа, унутраных войск. Тады былі затрыманыя некалькі соцень чалавек. Сённяшнія ўлады ўспрымаюць Дзень Волі як непасрэдную пагрозу для іх “сталінска-савецкай спадчыны”. Яны бачаць свой пачатак з Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і ад камуністаў, якія задушылі фактычна Беларускую Народную Рэспубліку. І вельмі моцна абмежавалі нашу незалежнасць, практычна знішчылі яе, што пасля прывяло да масавых рэпрэсій. Сотні тысяч забітых беларусаў на сумленні тагачаснай камуністычнай улады. А сённяшняя ўлада ў Беларусі – гэта іхны прамы нашчадак.

“Тым не менш, свята застаецца і яно святкуецца па-рознаму і ў розных умовах”, – дадае Алесь Бяляцкі. Праваабаронца адзначае, што сёлетні Дзень Волі будзе мець драматычны характар на фоне масавых рэпрэсій у краіне.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Менск