Алесь Бяляцкі: Гэта быў час змен



У Польшчы праходзяць ўрачыстасці, прымеркаваныя да 30-х угодкаў першых паўсвабодных выбараў. Святакаванні праходзяць у Варшаве і Гданьску. На ўрачыстасці ў Гданьску быў запрошаны старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна», былы палітвязень Алесь Бяляцкі.

Фота spring96.org

РР: Ці памятаеце Вы падзеі 4 чэрвеня 1989 года, і як яны падаваліся ў савецкіх СМІ?

Алесь Бяляцкі: Дакладна я гэтую дату не памятаю, але памятаю, як мы прыемна былі здзіўленыя вынікамі гэтых выбараў. Інфармацыю мы бралі з “Радыё Свабода”.  Бо савецкім газетам, якія выходзілі, верыць было немагчыма. Вынік быў нечакана прыемны і ён успрымаўся як чарговы цвік у труну, у якой мы разам хавалі камунізм. Трэба сказаць, што ў той час адбываліся вельмі драматычныя і імклівыя падзеі ў самой Беларусі і вакол нас – у краінах былога СССР. Усе мы тады былі ў адным катле, у адной турме народаў. І тое, што адбывался ў нашых суседзяў, перажывалася вельмі моцна.

Мала таго, што лагер сацыялістычных краінаў быў адгароджаны ад Захаду, то апроч таго і паміж нашымі краінамі былі даволі цяжкія стасункі. Я, напрыклад, першы раз пабываў у Польшчы дзесьці ў 1991 годзе, у Беластоку менавіта, па запрашэнні моладзі са студэнцкіх арганізацый, якія потым арганізоўвалі беларускі рух на Беласточчыне.  А да гэтага часу прамых кантактаў было мала.  Хоць мы, безумоўна, кантактавалі з тады яшчэ маладымі хлопцамі, якія ўваходзілі ў студэнцкае таварыства – і з Яўгенам Вапам, і з Юркам Ляшчынскім і іншымі. Мы разумелі сітуацыю аднолькава – разумелі, што зараз трэба было варушыцца і хутка штосьці рабіць.

Трэба адзначыць, што ў СССР у пачатку 1989 года прайшлі выбары ў першы часткова вольны Савет народных дэпутатаў, куды патрапілі і прадстаўнікі дэмакратычных колаў Беларусі: Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч, Аляксандр Дабравольскі, Віктар Карніенка. І на тыя часы гэта была нейкая сумесная з’ява. Выбары ў Польшчы не праходзілі ізалявана. Я думаю, што яны былі звязаныя па сваёй структуры. І ў нашых суседзяў – Літве, Латвіі, і ў Беларусі ішлі паралельна аднолькавыя працэсы: былі створаныя першыя грамадска-палітычныя арганізацыі. У нашай сітуацыі гэта быў Беларускі Народны Фронт, створаны ў кастрычніку 1988.

Іншая справа, што ў нас не было такіх магутных апазіцыйных структур, у нас не было  “Салідарнасці”. Наш незалежны рух толькі ўтвараўся. Гэта быў час змен. А ў Польшчы вынікі амаль 100% перамогі, якія атрымала “Салідарнасць” на тых часткова вольных выбарах, яны далі нам пачуццё сатысфакцыі, пачуццё ўпэўненасці,  таго, што трэба змагацца, трэба ісці далей.

Сёння ў цэнтры Гданьска адбываюцца ўрачыстасці з нагоды 30-годдзя першых паўсвабодных выбараў у Польшчы. Я ўдзячны, што быў запрошаны на гэтае мерапрыемства. Учора і сёння праходзяць дэбаты, на якіх мы гаворым пра правы чалавека. Гэта было вельмі адказна, і вельмі важна, што прагучала апісанне сітуацыі ў Беларусі. У нас у краіне дагэтуль няма свабодных выбараў і можна толькі пазайздросціць тым выбарам у Польшчы, якія адбываліся ў 1989 годзе.  Ці выбарам у Беларусі ў 1990 годзе, якія вельмі моцна паўплывалі на атрыманне намі незалежнасці ў 1991 годзе. І гэта былі выбары, на якіх лічылі галасы. Зараз галасоў, на жаль, не лічаць.

Цалкам матэрыял у далучаным файле:

Гутарыў Стас Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя