Алесь Бяляцкі: Гэтая прэмія ўсім беларусам, якія змагаюцца за дэмакратыю



Дэмакратычная апазіцыя Беларусі ўганаравана Прэміяй “За свабоду думкі” імя Андрэя Сахарава за 2020 год. Такое рашэнне прыняў Прэзідыум Еўрапейскага парламента 22 кастрычніка. У складзе апазіцыі названа дзесяць вядомых для Беларусі асобаў — Святлана Ціханоўская, Святлана Алексіевіч, Марыя Калеснікава, Вольга Кавалькова, Сяргей Дылеўскі ды іншыя. Сярод іх — і праваабаронца Алесь Бяляцкі. З ім паразмаўляла наша карэспандэнтка Ева Бардзілоўская.

РР: Алесь, хачу заўважыць, што зачасцілі прэміі “Вясне”, бо 17 верасня “Вясна” атрымала прэмію “Арол” імя Яна Карскага. Потым прэмію “За годны лад жыцця”, якая лічыцца альтэрнатывай Нобелеўскай прэміі. Ну а зараз вось прэмію “За свабоду думкі” імя Андрэя Сахарава?

Алесь Бяляцкі: Заўсёды, калі адбываецца грамадска-палітычнае абвастрэнне, праваабаронцы атрымліваюць прэміі. Бо такія прэміі маюць два значэнні. Адно накіравана як пасыл праваабаронцам, у дадзеным выпадку і людзям, каго мы баронім. Таму што Сахараўская прэмія, я гляджу на яе як на прэмію ўсім беларусам, якія змагаюцца зараз за дэмакратыю, за правы чалавека, за незалежную Беларусь. Гэта шырокая прэмія – для ўсіх. Добра, што там ёсць я – як прадстаўнік праваабарончай супольнасці, праваабарончага цэнтра “Вясна”, як прадстаўнік тых арганізацый, якія ўжо не адзін год працуюць на дэмакратыю, на Беларусь, грамадскіх арганізацый. То бок, гэта прызнанне ўсяго грамадскага сектара ў Беларусі, тых няўрадавых арганізацый, якія ў цяжкіх умовах тым не менш выконвалі праграмы па выхаванні людзей, па выхаванні разумення, што такое правы чалавека, што такое дэмакратыя, расплюшчвалі вочы на тое, што адбываецца ў Беларусі. Урэшце рэшт наша праца надала такі плён. І зараз ідзе трагічнае і гераічнае змаганне, у якім бяруць удзел мільёны беларусаў, хто больш актыўна, хто менш актыўна. Таму гэтая прэмія мае шырокі кантэкст як для беларускага народа з боку Еўрапейскага звязу, улічваючы, што ў Еўрапейскі звяз уваходзяць амаль усе еўрапейскія краіны, апроч некаторых з Усходняй Еўропы і з Балканаў. Трэба сказаць, што гэта прэмія ўсіх еўрапейскіх народаў, сігнал нашаму беларускаму народу, што яны з намі, што яны нас падтрымліваюць, што яны жадаюць нам станоўчых зменаў у нашым палітычным, грамадскім, дзяржаўным лёсе ў бліжэйшы час. Гэта вельмі важна. А другі момант – гэта сігнал беларускім уладам з гучным пратэстам, што нельга парушаць правы чалавека ў Беларусі. Бо фактычна ўсе гэтыя пратэсты, якія пачаліся, яны сыходзяць з грубых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Права пра свабоднае выказванне, права на справядлівыя празрыстыя выбары, яно было груба парушана, права на аб’яднанні. І мы зараз бачым, што гэта ўсё працягвае парушацца, улады займаюць вельмі варожую пазіцыю, гэта абсалютна кансерватыўны варыянт вось такой паўсавецкай, паўфашысцкай хунты, якая на сённяшні дзень трымае гэтую ўладу і не збіраецца ні ў чым саступаць.  Таму ў нас такі грамадска-палітычны крызіс, які яшчэ будзе  цягнуцца нейкі час. І Еўрапейскі звяз паказвае беларускім уладам, што трэба штосьці мяняць, трэба як мінімум, сядаць за стол перамоваў, калі яны жадаюць дабра Беларусі.

 Цалкам размова:

Прэмія „За свабоду думкі”, названая ў гонар савецкага фізіка і праваабаронцы Андрэя Сахарава, была заснавана ў Еўрапейскім парламенце ў 1988 годзе. Яе прысуджаюць людзям або грамадскім арганізацыям, якія вызначыліся ў справе абароны правоў чалавека і асноўных свабодаў.

Размаўляла Ева Бардзілоўская, Беларускае Радыё Рацыя