Алесь Бяляцкі: Гэты дзень тычыцца кожнага беларуса



10 снежня – Міжнародны дзень правоў чалавека. Наколькі важны гэты дзень для міжнароднай супольнасці і для Беларусі ў прыватнасці ў эфіры нашага радыё расказвае  старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі.

ales-dw

Алесь Бяляцкі: 10 снежня 1948 года Генеральнай Асамблеяй ААН была прынята Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека. І я сказаў бы, што гэтае свята не толькі праваабаронцаў, яно не прафесійнае. Гэты дзень тычыцца ўсіх грамадзян свету, у тым ліку і кожнага беларуса. Таму ў нейкай ступені кожны беларус мусіць задумацца, ці наблізілася Беларусь да тых палажэнняў, якія былі абвешчаныя ў Дэкларацыі ААН.

РР: Сёлета выйшлі на свабоду палітвязні, тыя, каго міжнародная грамадскасць лічыла палітвязнямі. Гэта, безумоўна, крок наперад. Ці можна адзначыць яшчэ нейкія станоўчыя факты?

Алесь Бяляцкі: Вельмі рады, што палітычныя вязні ў Беларусі выйшлі на волю, але гэта толькі  паўкрока назад, які зрабілі беларускія аўтарытарныя ўлады пад ціскам міжнароднай супольнасці. На жаль, мы адзначаем, што нейкіх сістэмных зменаў у Беларусі за гэты год не адбылося. Сітуацыя з падаўленнем асноўных грамадзянскіх і палітычных свабодаў не змянілася. У апошнія дні асноўныя беларускія праваабарончыя арганізацыі прынялі некалькі дакументаў, у якіх выказваюць сваю  заклапочанасць і звяртаюцца да беларускіх уладаў і міжнароднай супольнасці, да беларускіх грамадзянаў з прапановамі чаго нам трэба дабівацца, каб у бліжэйшы час  у Беларусі працягнуліся станоўчыя змены.

РР: Ці нешта ў Беларусі залежыць ад мясцовых уладаў? У Слуцку, напрыклад,  дазволілі адзначыць угодкі Слуцкага збройнага чыну, а ў Свіслачы за ўшанаванне паўстанцаў Кастуся Каліноўскага цяпер судзяць арганізатараў і ўдзельнікаў.

Алесь Бяляцкі: Насамрэч, права, якое запісанае і ў Дэкларацыі, і ў беларускай Канстытуцыі – права на  свабоду правядзення сходаў і мітынгаў – у Беларусі скрозь груба парушаецца. Ёсць нейкія прыемныя выключэнні, але, на жаль, іх няшмат. І вось апошні прыклад – у Бярозе забаранілі пікет, прысвечаны Міжнароднаму  дню  абароны правоў чалавека. Гэта якраз гаворыць пра тое, што беларускія ўлады працягваюць сістэмна змагацца з правамі беларусаў.

РР: Нашыя калегі журналісты-фрылансеры вельмі часта караюцца штрафамі. Ім фактычна не дазваляюць працаваць. Ці гэта таксама ў полі зроку вашай праваабарончай арганізацыі?

Алесь Бяляцкі: Так, у сваёй заяве мы якраз пра гэта пішам. Мы вызначылі пяць надзённых пунктаў, якія б хацелі, каб тэрмінова выканалі беларускія ўлады. Яны не патрабуюць нават змены заканадаўства. Сярод гэтых пунктаў – спыненне палітычнага пераследу палітычных актывістаў, таму што крымінальныя справы супраць палітычных і грамадскіх актывістаў яшчэ існуюць. Я маю на ўвазе справу супраць графіцістаў, справу супраць Алеся Міхалевіча, справу супраць журналіста Аляксандра Алесіна. Мы таксама патрабуем рэгістрацыі няўрадавых арганізацый і стварэння гарантый для вяртання ў Беларусь палітычных бежанцаў. Мы патрабуем даць магчымасць працаваць без перашкодаў журналістам, у тым ліку і журналістам Беларускага Радыё Рацыя. Мы хочам, каб Беларусь пачала сістэмныя змены, каб грамадскія і палітычныя правы займелі сур’ёзнае месца ў нашай дзяржаўнай сістэме.

Сітуацыя сёння замарожаная, але яна вельмі трывожная. Таму гэтае свята з прысмакам горычы. Мы непакоімся, што праз некаторы час можа адбыцца пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

РР: З Азербайджану прыйшла добрая веска, – вызвалілі праваабаронцу, дырэктарку Інстытута міра і дэмакратыі Лэйлу Юнус.

Алесь Бяляцкі: Я таксама вельмі рады, на жаль, стан яе здароўя вельмі моцна падарваны. Яна паўтара года правяла ў нечалавечых умовах у СІЗА. Аўтарытарныя постсавецкія рэжымы змагаюцца з праваабаронцамі, і  іхныя метады паказваюць, што гэтыя рэжымы вельмі далёкія ад дэмакратычных зменаў.

РР: Сёння ў Польшчы пачынаецца Марафон напісання лістоў палітзняволеным у розных краінах. Ці такія акцыі дапамагаюць вязням сумлення?

Алесь Бяляцкі: Гэта сапраўды дапамагае, я сам атрымліваў за кратамі тысячы і тысячы лістоў, якія прыходзілі ў маю падтрымку. Мне гэта вельмі моцна маральна дапамагала, бо я адчуваў падтрымку з усяго свету, у тым ліку і з Польшчы. Я звяртаюся да беларусаў падтрымліваць палітвязняў. Я заклікаю падтрымаць нашага палітвязня Жамчужнага і напісаць лісты ў яго падтрымку.

Гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: DW / N.Jolkver