Алесь Бяляцкі: Ідзе беспрэцэдэнтны ціск на незалежныя беларускія СМІ



Кіраўнік Праваабарончага цэнтра „Вясна” Алесь Бяляцкі пракаментаваў сённяшнія ператрусы ў офісе інтэрнэт-партала tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН.

– Мне адразу прыходзяць успаміны пра ранейшыя жорсткія пераследы беларускіх журналістаў. Звычайна напярэдадні нейкіх вялікіх палітычных каіпаній, выбараў, як правіла. Я згадваю пачатак 2000-х, калі былі затрыманыя і асуджаныя рэдактар газеты “Рабочы” Віктар Івашкевіч, рэдактар газеты “Пагоня” Мікола Маркевіч, журналіст “Пагоні” Павел Мажэйка.

Праз 10 гадоў штосьці падобнае адбылося з газетай “Згода”.  І арышт і суд над журналістам газеты Аляксандрам Здвіжковым. Усё гэта прыводзіла да закрыцця гэтых СМІ. Да моцнага ўдара па ўвогуле ўсёй незалежнай дэмакратычнай прэсе і журналістам, якія працуюць у незалежных СМІ ў Беларусі.

Апошні перыяд таксама не быў спакойны. Я б тут згадаў закрыццё доступу да сайту “Хартыя’97”. Бясконцы адміністрацыйны пераслед журналістаў тэлеканала “Белсат” і Беларускага Радыё Рацыя. І ўрэшце справа дайшла да “рэспектабельных” інфармацыйных рэсурсаў. І справа супраць Алеся Ліпая была такім вельмі трывожным сігналам.  Месяц таму была пачата крымінальная справа супраць яго. І зараз мы бачым удар па БелаПАНу як па найбольш папулярнаму сярод беларускага грамадства сродка незалежнай інфармацыі.

І сапраўды тут можна сказаць пра беспрэцэдэнтны ціск на незалежную журналісцкую супольнасць Беларусі. Я гэта адназначна звязваю з тым, што надыходзіць кампанія выбараў у парламент і прэзідэнцкая кампанія. І ўлады проста пачалі рыхтавацца. І гэтыя крокі вельмі дэнансуюць з тымі міралюбівымі і праеўрапейскімі заявамі, якія чуюцца ад МЗС Беларусі, і накіраваныя на паляпшэнне стасункаў Беларусі з Захадам.

Гутарыў Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя