Алесь Бяляцкі каментуе “справу незалежных прафсаюзаў”



Учора, 2 жніўня, адбыліся ператрусы ў офісе Прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці, а таксама дома ў старшыні прафсаюза Генадзя Фядыніча і дзеячоў прафсаюза Комліна і Пічужкінай. У офісе былі канфіскаваныя электронныя носьбіты, жорсткія дыскі кампутараў і дакументацыя. Акрамя таго ўчора прайшоў ператрус у офісе Беларускага незалежнага прафсаюза. Супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю канфіскавалі ноутбукі і жорсткія дыскі  кампутараў. Таксама прафсаюзныя лідары былі выкліканыя на допыт.

Сітуацыю каментуе старшыня Праваабарончага цэнтру  “Вясна” Алесь Бяляцкі.

РР: Гэта вельмі нагадвае Вашую справу 2011 года. 

Алесь Бяляцкі: Так, тут не трэба быць вялікім правідцам, каб зразумець, што гэта тыя ж самыя метады, якімі працуюць беларускія спецслужбы, сілавыя структуры і адпаведна ўлады супраць незалежных арганізацый, якія трымаюць сваю пазіцыю, якія не баяцца казаць тое, што думаюць, крытыкуюць улады за тыя ці іншыя праблемы і памылкі ў нашай агульнай грамадскай сітуацыі.

РР: Можа гэта сімвалічна, што менавіта ў жніўні да вас прыйшлі з вобшукамі. Зараз ізноў. Чаму менавіта жнівень? Бо з палітычнага пункту гледжання гэта ціхі палітычны сезон.

Алесь Бяляцкі: Насамрэч, у нас вельмі спякотны пачатак жніўня ва ўсіх адносінах. З чым гэта звязана можна толькі здагадвацца. Рашэнні, натуральна, прымаюцца скрыта і складана абмяркоўваць нейкія версіі. Адная з іх, што якраз наступае час адпачынкаў у Еўропе. І міжнародныя грамадскія і палітычныя дзеячы ідуць у адпачынкі. А для нас гэты час атрымаўся гарачы ў негатыўным сэнсе ў дачыненні да прафсаюзаў. І тое, што вобшукі прайшлі адразу ў некалькіх прафсаюзных арганізацыях гаворыць пра тое, што гэта спланаваная акцыя. Падыходзіць восень і не за гарамі верасень-кастрычнік, калі людзі вернуцца з адпачынкаў і яны сутыкнуцца з тымі ж праблемамі, якія мелі ранней. Бо як мы ўжо чулі, Дэкрэт №3 не адмяняецца, эканамічная сітуацыя не паляпшаецца, ніякіх сур’ёзных прапаноў па паляпшэнні сітуацыі, па правядзенні агульнага круглага стала, пра які мы неаднаразова казалі, па абмеркаванні гэтых надзённых беларускіх  праблемаў, улады не прапануюць. Яны працягваюць дзейнічаць з пазіцыі сілы.

У краіне адбываецца тое ж , што адбывалася 6 гадоў таму. І сапраўды, 4 жніўня мяне затрымалі па гэтым жа артыкуле Крымінальнага кодэкса аб утойванні прыбыткаў у асабліва буйным памеры. Суд паказаў, што гэтыя грошы былі прызначаныя на праваабарончую дзейнасць. Толькі нерэгістрацыя “Вясны” і тыя драконаўскія законы, якія створаны для працы няўрадавых арганізацый, незалежных прафсаюзаў прыводзяць да такіх праблемаў.

РР: У гэтай справе мы мусім шмат пра што здагадвацца, але там фігуруе 2011 год, ён звязаны з Вашай справай. Магчыма гэта быў агульны стос папер, якія тады перадалі Польшча і Літва? Неназваны палітык заявіў, што Літва ізноў магла выдаць такія дакументы. Ці сапраўды Літва чарговы раз магла паўтарыць такую памылку?

Алесь Бяляцкі: Генадзь Фядыніч не пацвердзіў гэтую версію. Паглядзім, як далей будуць развівацца падзеі і што будзе прад’яўляць яму следства. Бо ён знаходзіцца зараз у стадыі падазраванага. Тое, што яго выпусцілі, яшчэ ні пра што не гаворыць, і мы зараз мусім мабілізаваць і беларускае грамадства, і беларускую грамадскую думку, і нашых міжнародных калег з тым, каб беларускія ўлады адчулі, што гэта вельмі сур’ёзная справа і іміджавыя і іншыя страты ад такіх рэпрэсій будуць для ўлады вельмі сур’ёзныя.  

Будзем глядзець, як будуць разгортвацца падзеі і будзем браць у іх актыўны ўдзел, бо мы ўсе зараз павінны бараніць Генадзя Фядыніча і ягоных калег, якія патрапілі пад каток рэпрэсій.

РР: Якое Ваша стаўленне да канфлікту Ярашука і Фядыніча?  Бо гэта не вельмі стварае атмасферу салідарнасці.

Алесь Бяляцкі: Што тычыцца выказванняў Аляксандра Ярашука, трэба памятаць, што яны былі зроблены адразу пасля ягонага допыту і ён знаходзіўся яшчэ ў неўраўнаважаным стане. Таму, я думаю, прафсаюзныя арганізацыі самі вырашаць гэтыя праблемы. Я не лічу, што гэта віна Генадзя Фядыніча. Я перакананы, што тыя ўмовы для працы няўрадавых арганізацый, умовы па рэгістрацыі, па дзейнасці, па атрыманні міжнароднай фінансавай падтрымкі, на якую мы маем поўнае права, згодна міжнародных пагадненняў, якія падпісала Беларусь і якія ўладамі не выконваюцца, даюць магчымасць для такога вельмі выбарчага правядзення ўдараў, рэпрэсій супраць грамадскіх актывістаў і актывістаў незалежных прафсаюзаў.

РР: Што мы можам зрабіць у такой сітуацыі?

Алесь Бяляцкі: Сёння мы прымаем заяву па гэтай сітуацыі.  І мы вельмі негатыўна ацэньваем тое, што адбылося.  Допыты працягваюцца. Мы будзем заклікаць сваіх міжнародных партнёраў выказацца максімальна гучна, каб беларускія ўлады пачулі гэты голас. 

Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя