Алесь Бяляцкі: Крымінальная справа перашкаджае нашай працы
Арганізацыі грамадзянскай супольнасці Беларусі выступілі ў падтрымку праваабарончага цэнтра „Вясна”, якая патрапіла пад крымінальны пераслед. Галоўнае ўпраўленне па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі цэнтральнага апарата Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь расследуе крымінальную справу, якая ўзбуджаная па факце дзейнасці Праваабарончага цэнтра. Як вынікае з афіцыйных каментароў СК, на думку органаў следства, „Вясна” нібыта „фінансавала пратэсты”.
Гэту справу ў нашым эфіры пракаментаваў старшыня „Вясны” Алесь Бяляцкі, які сам зараз знаходзіцца ў Жэневе на мерапрыемствах з нагоды – вясновага пасяджання Рады па правах чалавека ААН:
– Следчыя дзеянні працягваюцца, чым яна скончыцца пакуль цяжка сказаць. Ці з’явяцца новыя артыкулы абвінавачання, ці застанецца пакуль усё так, як ёсць. У любым выпадку натуральна, што гэта перашкаджае і замінае нашай працы. Тым не менш працягваем рабіць усё, што можна рабіць у гэтых складаных умовах. Стане больш зразумела, хто з’яўляецца падазраваным па гэтай справе. Пакуль што гэта адзін чалавек, сябра Рады „Вясны” Зміцер Салаўёў. Я думаю, што гэты спіс будзе шырэйшы, інакш бы гэта справа не ўзбуджалася. Тых, хто будзе наступнымі, мы будзем бачыць.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Крымінальная справа вядзецца па арт. 342 Крымінальнага кодэкса, а гэта – арганізацыя і актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Праводзяцца следчыя дзеянні: ператрусы ў офісах рэгіянальных аддзяленняў, кватэрах сябраў арганізацыі, выклікі на допыты і іншыя працэсуальныя дзеянні. Сябра Рады ПЦ „Вясна” Зміцер Салаўёў з’яўляецца падазраваным па гэтай справе і знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезде.
Беларускае Радыё Рацыя